Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сі Цзіньпін прыбыў у Расею. Гэты першы візыт замежнага кіраўніка ў Маскву пасьля выдачы ордэра на арышт Пуціна


Сі Цзіньпін у Маскве, 20 сакавіка 2023
Сі Цзіньпін у Маскве, 20 сакавіка 2023

Гэта першы візыт старшыні КНР у Маскву пасьля пачатку шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Сі Цзіньпін стане першым сусьветным лідэрам, які сустрэнецца з Пуціным пасьля выдачы ордэра на яго арышт.

Напярэдадні Сі Цзіньпін апублікаваў артыкул, у якім назваў вайну «татальнай эскаляцыяй украінскага крызісу».

Расейскае агенцтва «РИА Новости» і «Российская газета» апублікавалі артыкул Сі Цзіньпіна. У ім ён піша, што Кітай і Расея «разьвіваюць агульначалавечыя каштоўнасьці і выступаюць за фармаваньне міжнародных адносін новага тыпу і супольнасьці адзінага лёсу чалавецтва».

Вайну ва Ўкраіне Сі называе «ўкраінскім крызісам» і піша аб неабходнасьці «падтрымліваць усе намаганьні, накіраваныя на мірнае ўрэгуляваньне».

У параўнаньні з раней прадстаўленым плянам спыненьня вайны частка акцэнтаў у артыкуле зьменена: напрыклад, адсутнічае пункт аб «павазе сувэрэнітэту ўсіх краін», замест гэтага прапануецца «паважаць разумныя клопаты ўсіх дзяржаў у галіне бясьпекі».

«Мы вельмі спадзяёмся, што Кітай ня стане саўдзельнікам гэтай страшнай вайны», — пракамэнтавала гэты візыт CNN амбасадарка Ўкраіны ў ЗША Аксана Маркарава.

Напярэдадні візыту прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін таксама апублікаваў у найбуйнейшай кітайскай газэце «Жэньмінь жыбао» артыкул пад назвай «Расея і Кітай — партнэрства, накіраванае ў будучыню». На расейскай мове артыкул апублікаваны на сайце Крамля.

У ёй Пуцін піша, што зьвязвае зь перамовамі «вялікія чаканьні». «Для мяне гэта таксама цудоўная магчымасьць пабачыцца з добрым старым сябрам, — адзначае Пуцін, сцьвярджаючы таксама: — Для нас сапраўдны сябар — як родны брат».

Як сцьвярджае расейскі прэзыдэнт, расейска-кітайскія адносіны зараз «пераўзыходзяць ваенна-палітычныя саюзы часоў халоднай вайны», а Масква і Пэкін «пасьлядоўна выступаюць за фармаваньне больш справядлівага шматпалярнага сьветаўладкавання». Закранаючы вайну ва Ўкраіне, Пуцін піша:

«Вітаем гатоўнасьць Кітая адыграць канструктыўную ролю ў справе ўрэгуляваньня крызісу». Паводле яго, «будучыня мірнага працэсу залежыць выключна ад гатоўнасьці да сурʼёзнай размовы з улікам існуючых геапалітычных рэалій».

У вайне ва Ўкраіне Пуцін чарговы раз абвінавачвае Захад, якому ставіць у віну і імкненьне ціснуць на Кітай.

Аб візыце кітайскага лідэра было абʼяўлена 17 сакавіка. Ён прабудзе ў Маскве да 22 сакавіка. Памочнік расейскага прэзыдэнта Юрый Ушакоў падкрэсьліў, што будзе абмяркоўвацца вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж краінамі, у перамовах з расейскага боку возьмуць удзел міністар абароны Сяргей Шайгу і кіраўнік Фэдэральнай службы па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Дзьмітрый Шугаеў.

Раней шэраг заходніх СМІ пісаў аб тым, што Кітай разглядае магчымасьць паставак у Расею ўзбраеньня, у прыватнасьці бесьпілётнікаў, артылерыі і боепрыпасаў. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у лютым папярэджваў, што Пэкін сутыкнецца з наступствамі, калі пачне пастаўкі зброі Расеі. У Кітаі такія пляны адмаўлялі.

Многія расейскія пракрамлёўскія тэлеграм-каналы ў апошнія дні пішуць пра нібыта лёсавызначальны характар візіту, намякаючы на нейкія дамоўленасьці аб падтрымцы Кітаем Расеі ў вайне ва Ўкраіне і супрацьстаяньні з Захадам.

Пэкін, аднак, не рабіў ніякіх заяваў, якія б маглі сьведчыць пра такую падтрымку. Кітай не асудзіў Расею за ўварваньне і, у прыватнасьці, не галасаваў за адпаведныя рэзалюцыі Генасамблеі ААН, аднак афіцыйна не прызнаў анэксію Крыма і ўкраінскіх абласьцей, а таксама, па паведамленьнях СМІ, даваў зразумець Крамлю, што прымяненьне ядзернай зброі было б непрымальным.

Пасьля перамоваў высокапастаўленага кітайскага прадстаўніка Ван І спачатку з заходнімі лідэрамі, а затым з Пуціным у Маскве ў лютым Кітай вылучыў ініцыятыву аб завяршэньні канфлікту ва Ўкраіне. У ёй згадваецца аб павазе сувэрэнітэту і цэласнасьці ўсіх краін, але пры гэтым зьмяшчаецца заклік да зьняцьця санкцый і да замірэньня, як можа вынікаць з тэксту, з захаваньнем цяперашняй лініі размежаваньня, што непрымальна для Ўкраіны. Кіеў прама не адхіліў гэтую ініцыятыву, аднак адзначыў, што прытрымліваецца сваіх прапаноў, якія прадугледжваюць поўны вывад расейскіх войскаў.

У пятніцу Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Пуціна. Кітай, як і Расея, аднак, не прызнае юрысдыкцыю гэтага суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG