Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як па мне, безьліч тых імёнаў». Журналістка ўпісала ўсіх вядомых беларускіх палітвязьняў на пяцімэтровы сьцяг


Фота са старонікі Марыі Грыц у Фэйсбуку.
Фота са старонікі Марыі Грыц у Фэйсбуку.

Праца ішла больш за год. Да палатна давялося дашыць тры мэтры. Сьцісла расказваем гісторыю ўжо вядомага палотнішча.

Журналістка і грамадзкая дзяячка Марыя Грыц пачала запісваць імёны беларускіх палітвязьняў на сьцяг на пачатку 2022 году. Першую частку яна зрабіла за тры ночы. Палотнішча тады было памерам 1,5×2,75 мэтра. З сваім творам Марыя выходзіла на акцыю ў Кіеве.

Пасьля гэтага сьцяг выставілі на аўкцыён. Яго купілі за 1125 даляраў. Грошы пайшлі на падтрымку сем’яў беларускіх палітвязьняў. Новы ўласьнік так і не забраў свой лот.

«Пачалася вайна, і стала цяжка яго перадаць. Я не ўзяла з сабой у дарогу майткі, боты, але ехала, прыціскаючы сьцяг. Пакупнік дазволіў перадаць яго ў Музэй вольнай Беларусі ў Варшаве», — расказвала Марыя пра тое, як яна зьяжджала з Украіны на пачатку вайны і што ўзяла з сабой.

Каля году сьцяг вісеў у музэі вольнай Беларусі, а потым вярнуўся да стваральніцы.

«Потым я проста манатонна яго дапісваю час ад часу», — пракамэнтавала Марыя Грыц Свабодзе.

Колькі там імёнаў, яна ня ведае. Паводле суразмоўцы, там імёны бадай што ўсіх вядомых палітвязьняў, якіх прызнаў праваабарончы цэнтар «Вясна» з 1996 году, а ня толькі пасьля 2020-га.

«На сёньня ўсе, а заўтра прымаюцца новыя людзі. І гэты сьпіс бясконцы, таму я баюся казаць, што занатавала ўсіх вядомых палітвязьняў. Бо сёньня так, а заўтра ўжо няпоўны сьпіс... Як па мне, безьліч тых імёнаў», — падсумоўвае яна.

Да працы далучылася актывістка Вольга Верамеенка. Каб дапісаць усе вядомыя імёны, яна дашыла да першай часткі сьцяга яшчэ тры мэтры тканіны. Цяпер ён у даўжыню складае амаль пяць мэтраў.

Раней Марыя рабіла сьцяг з імёнамі 200 палітзьняволеных жанчын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG