Ніка Сандрас і ейны муж Андрэй (Эндру) цяпер жывуць у Гданьску. Ніка вяла групы маляваньня для дзяцей і дарослых. Эндру, як напісала мастачка на сваёй старонцы ў Facebook, пакуль не працуе, «чакае дакумэнтаў».
16 сакавіка Ніка паведаміла, што «ледзь на памерла», потым патлумачыла, што трапіла з інсультам у лякарню. Мастачка дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі, дзе праходзіць абсьледаваньні. Магчыма, ёй спатрэбіцца апэрацыя. Цяпер Ніка можа толькі ляжаць: уставаць ці сядзець ёй забараняюць лекары. Адчувае яна сябе блага. Пра свой стан здароўя Сандрас рэгулярна піша навіны ў сацсетках.
Праз праблемы са здароўем сям’і пагражаюць і фінансавыя цяжкасьці.
«Я вельмі баюся, што праз апэрацыю я нейкі час ня здолею працаваць. Дакладней, калі яна будзе, я дакладна ня здолею. А Эндру пакуль не працуе, ён чакае дакумэнтаў. І мы ня можам не зарабляць, інакш ён іх не атрымае. Сытуацыя ў нас ня вельмі. Ранкам мы заплацілі кучу выплат, арэнды і гэтак далей, і грошай рэальна на тыдзень. Што з аплатай маіх працэдур, шпіталя, і, ня дай Бог, апэрацыі, я ўвогуле пакуль ня ведаю», — напісала Ніка.
Мастачка просіць падтрымаць сям’ю і купіць ейны онлайн-курс па маляваньні. А па рэквізытах можна пералічыць любую суму, каб проста падтрымаць сям’ю.
«Калі я памру, Эндру прышле вам курс», — піша Ніка.
Ейныя сябры напісалі падрабязную інструкцыю, як можна дапамагчы Ніцы.
Ніка Сандрас — беларуская мастачка, у мінулым тэле- і радыёвядоўца, аўтарка і арганізатарка фэстывалю для мастакоў-самавукаў «Мы ёсьць!». Вядзе папулярны блог у Facebook.
Муж Нікі — Эндру Мішэлутаў, былы мэнэджар аддзелу закупак групы кампаній Fenox. У 2017–2018 гадах шэраг супрацоўнікаў кампаніі затрымалі, у тым ліку і Эндру. Іх вінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Калі падаткі выплацілі, усіх фігурантаў справы, акрамя Мішэлутава, вызвалілі. Ён правёў за кратамі 14 месяцаў і выйшаў на волю ў 2020 годзе. Крымінальную справу не закрылі. Суду не было.