Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочніка Мясьніковіча Дзьмітрыя Шадко абвінавачваюць у «тэрарызьме», ён у СІЗА КДБ


Дзьмітры Шадко
Дзьмітры Шадко

Былога намесьніка міністра сувязі і памочніка Мясьніковіча Дзьмітрыя Шадко абвінавачваюць па артыкуле 289 КК — «Акт тэрарызму».

Гэтую інфармацыю парталу Zerkalo пацьвердзілі праваабаронцы. Яму можа пагражаць да 20 гадоў турмы, або да сьмяротнага пакараньня, калі прыменяць пункт 3 артыкула, калі справу кваліфікуюць як учыненую арганізаванай групай.

Шадко 10 сакавіка не прыйшоў на нараду ў Маскве і не адказваў на тэлефанаваньні. Яго кватэру ўзламалі, але сьлядоў чагосьці крымінальнага паліцыя там не знайшла. Потым стала вядома, што яго затрымалі, а знаходзіцца чыноўнік у СІЗА КДБ.

Ён нібыта знаёмы зь беларусамі, якіх затрымалі па справе дывэрсіі на аэрадроме ў Мачулішчах.

Паводле інфармацыі «Вясны», цяпер Дзьмітры Шадко знаходзіцца ў СІЗА КДБ Беларусі. Яго затрымалі ў Маскве супрацоўнікі ФСБ яшчэ 10 сакавіка. Шадко пасьпеў паведаміць калегам, што да яго прыйшлі супрацоўнікі ФСБ. Амаль адразу яго перавезьлі ў Менск.

Крыніцы «Вясны» паведамляюць, што для таго, каб прыкрыць «шуміху» вакол затрыманьня памочніка старшыні Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі, супрацоўнікі ФСБ зрабілі спэцыяльны інфармацыйны «ўкід» пра нібыта зьнікненьне Шадко. Інфармацыя пра гэта зьявілася 13 сакавіка ў праўладных расейскіх СМІ і тэлеграм-каналах. У той час Шадко ўжо быў у СІЗА КДБ, і супрацоўнікі ФСБ гэта ведалі.

Шадко доўгі час быў зьвязаны з «ралевікамі» і час ад часу ўдзельнічаў у іхных імпрэзах — ён нібыта асабіста знаў некаторых людзей, якіх затрымалі ў справе дывэрсіі ў Мачулішчах.

«Ралевікі» — людзі, якія гуляюць у ролевыя гульні, іх субкультура называецца таксама ролевым рухам або рухам ролевых гульняў.

Хто такі Дзьмітры Шадко

Дзьмітры Шадко нарадзіўся ў 1979 годзе ў Менску. Скончыў БДУІР і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Працаваў у Цэнтральным камітэце Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі, памочнікам генэральнага дырэктара, вядучым спэцыялістам ЗАТ «ТКД Юніспектр», адказным сакратаром, намесьнікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам часопіса «Планета».

У 2011 годзе Шадко стаў намесьнікам міністра інфармацыі, а празь некалькі гадоў — першым намесьнікам міністра сувязі і інфарматызацыі. На гэтай пасадзе ён прабыў да траўня 2019 году, потым падаў у адстаўку.

Апошнім часам Шадко займаў пасаду памочніка Міхаіла Мясьніковіча, старшыні Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі (орган Эўразійскага эканамічнага саюзу, куды ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Кіргізстан, Расея, Казахстан).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG