Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойцу мэра Гданьску пакаралі пажыцьцёвым зьняволеньнем


Сьвечкі і плякаты ў гонар Паўла Адамовіча, мэра Гданьску, які памёр ад нажавога раненьня на акцыі ў Кракаве, Польшча, 19 студзеня 2019
Сьвечкі і плякаты ў гонар Паўла Адамовіча, мэра Гданьску, які памёр ад нажавога раненьня на акцыі ў Кракаве, Польшча, 19 студзеня 2019

Сьледзтва ў крымінальнай справе працягвалася 3 гады.

Больш чым праз 4 гады пасьля замаху на мэра польскага Гданьску Паўла Адамавіча суд агучыў вырак. Забойцу, Стэфана Ўільмонта, пакаралі пажыцьцёвым зьняволеньем, піша Gazeta Wyborcza.

Згодна з прысудам, Уільмонт мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля адбыцьця 40 гадоў зьняволеньня. Абвінавачаны выслухаў вэрдыкт моўчкі, але з усьмешкай на твары, адзначыла выданьне.

Судзьдзя Аляксандра Качмарак заявіла, што злачынства, учыненае Ўільмонтам, ня мела прэцэдэнтаў зь міжваеннага пэрыяду гісторыі Польшчы — з моманту замаху на прэзыдэнта Габрыэля Нарутовіча ў 1922 годзе.

Суд пагадзіўся з пракуратурай адносна матыву злачынства. Адзначалася, што мэтай была помста Ўільмонта за несправядлівы, як ён лічыў, прысуд, вынесены яму за рабаваньне банка (5,5 года турмы).

Судзьдзя падкрэсьліла, што Ўільмонт гаварыў сваім сукамэрнікам, што пасьля вызваленьня ён хацеў адпомсьціць уладам за свае крыўды. Палітычны матыў злачынства судзьдзя назвала «празьмернай інтэрпрэтацыяй».

Таксама суд, грунтуючыся на заключэньнях экспэртаў, адзначыў, што Стэфан Уілмонт не зьяўляецца псыхічна хворым ці разумова адсталым.

Як забілі Паўла Адамовіча

Напад на мэра Гданьску Паўла Адамовіча адбыўся падчас фіналу штогадовай дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі» ў 2019 годзе. На сцэну, дзе адбывалася дзея, забег мужчына і ўдарыў палітыка нажом. Пасьля гэтага нападніка затрымалі, але ён пасьпеў крыкнуць у мікрафон, што раней быў несправядліва пасаджаны ў турму па віне апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа», чальцом якой быў Адамовіч.

14 студзеня 2019 году Адамовіч памёр у шпіталі ад атрыманых ран.

Як паведамляла тады польская прэса, ягоны нападнік быў раней асуджаны за ўзброеныя напады на банкі. Адзначалася таксама, што ў яго былі праблемы з псыхікай.

Адамовіч узначальваў Гданьск 20 гадоў. Ён быў вядомым дзяячам апазыцыі.

Пасьля сьмерці палітыка з Гданьску і шэрагу іншых гарадоў Польшчы прайшлі маштабныя вулічныя акцыі супраць гвалту і нянавісьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG