Эніра Браніцкая з праваабарончай арганізацыі Human Constanta паведаміла Радыё Азадзі, што Насрыдзінава затрымалі 8 студзеня пры перасячэньні мяжы Беларусі на запыт аб выдачы ад уладаў Таджыкістану.
З таго часу таджыцкі апазыцыянэр утрымліваецца ў СІЗА ў Горадні. Па словах Браніцкай, Генэральная пракуратура Беларусі 21 лютага задаволіла запыт Генпракуратуры Таджыкістану і прыняла рашэньне аб экстрадыцыі Насрыдзінава на радзіму.
Нізамідзін Насрыдзінаў з кастрычніка 2015 году жыве ў Нямеччыне. Улады ФРГ далі яму і ягоным сямейнікам палітычны прытулак. У 2017 годзе Насрыдзінаў на гадавым сходзе АБСЭ ў Варшаве прадставіўся сябрам забароненай у Таджыкістане «Групы 24».
Адзін з афіцыйных прадстаўнікоў гэтага апазыцыйнага руху заявіў, што Нізамідзін Насрыдзінаў з 2018 году больш ня сябра «Групы 24».
Улады Таджыкістану затрыманьне Насрыдзінава не камэнтуюць.
Па дадзеных Эніры Браніцкай з Human Constanta, у Таджыкістане супраць Насрыдзінава распачата крымінальная справа па арт. 307(1) («Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці і публічнае апраўданьне экстрэмізму») КК Таджыкістану. За гэтае злачынства ў Таджыкістане прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў.
«Калі заведзеная крымінальная справа, нам невядома, зьвестак пра гэта ў нас няма. Падзеі, якія інкрымінуюцца яму, апісваюцца так: з 24.09.2016 па 23.10.2016 Насрыдзінаў на сваёй старонцы ў Facebook распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы забароненых у краіне „Групы 24“ і Партыі ісламскага адраджэньня Таджыкістану, а ў першай палове 2017 году запісаў на відэа сваё выказваньне супраць прэзыдэнта і ўраду Таджыкістану ў YouTube», — кажа Браніцкая.
Праваабаронца адзначыла, што пасьля 2020 году ў беларускім Крымінальным кодэксе зьявіўся артыкул аб закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь — ён нагадвае артыкул аб публічных закліках да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці КК Таджыкістану.
Паводле яе, гэтая адпаведнасьць можа паўплываць на рашэньне Менску аб экстрадыцыі на радзіму Насрыдзінава і іншых актывістаў таджыцкай апазыцыі.
«Паміж Таджыкістанам і Беларусьсю існуе пагадненьне, на падставе якога бакі разглядаюць узаемную адпаведнасьць артыкулаў КК дзьвюх краін. Наколькі нам вядома, знойдзена адпаведнасьць артыкула 307 КК Таджыкістану артыкулу 361 КК Рэспублікі Беларусь», — кажа Эніра Браніцкая.
Тым часам Генпракуратура Беларусі пры прыняцьці рашэньня ня ўлічвала, што Насрыдзінаў ужо знаходзіцца пад міжнароднай абаронай у Нямеччыне, а ў Таджыкістане яму пагражаюць катаваньні і несправядлівы судовы перасьлед.
«Таксама не было ўзята пад увагу, што раней сваякоў Насьрыдзінава гвалтоўна вярнулі ў Таджыкістан, дзе ім прысудзілі вялікія тэрміны пазбаўленьня волі. Пра гэта сам затрыманы заяўляў сьледчым Генэральнай пракуратуры», — адзначыла Браніцкая.
Нізамідзін Насрыдзінаў абскардзіў рашэньне Генпракуратуры Беларусі. Чакаецца, што ў канцы сакавіка яго заява будзе разгледжана судом Горадзенскай вобласьці. Праваабаронцы выказваюць надзею, што гэтым разам суд прыме да ўвагі рашэньне ўладаў Нямеччыны аб палітычным прытулку для Насрыдзінава.