Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць супрацоўнікаў расейскага «Мэмарыялу» распачалі справу аб рэабілітацыі нацызму


Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб рэабілітацыі нацызму супраць супрацоўнікаў праваабарончага таварыства «Мэмарыял». Імёны канкрэтных супрацоўнікаў не называюцца.

Справа была адкрытая на патрабаваньне руху «Вэтэраны Расеі». У сваёй заяве яны напісалі, што ў сьпісах ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, складзеных «Мэмарыялам», знайшлі прозьвішчы людзей, асуджаных у СССР па артыкуле аб супрацоўніцтве з гітлераўцамі падчас вайны.

Выканаўчы дырэктар «Вэтэранаў Расеі» Вадзім Міроненка паведаміў агенцтву ТАСС, што знайшоў у сьпісах «Мэмарыялу» каля 20 такіх прозьвішчаў. Актывісты руху лічаць іх памагатымі нацыстаў. Па словах Міраненкі, у справе ёсьць падазраваныя, але ў інтарэсах сьледзтва ён не будзе раскрываць іх імёны.

«Вэтэраны Расеі» дамагаюцца справы супраць «Мэмарыялу» ня першы год. У 2021 годзе яны ўжо зьвярталіся з такой просьбай да кіраўніка СК РФ Аляксандра Бастрыкіна і генэральнага пракурора Расеі Ігара Краснова.

У «Мэмарыяле» тады адказалі, што многія рэпрэсіі сталінскіх часоў праводзіліся паводле беспадстаўных даносаў і ілжывых абвінавачаньняў. Актывісты «Мэмарыялу» падкрэсьлілі, што ў сьпіс могуць уваходзіць людзі, якія падчас вайны сапраўды супрацоўнічалі з нацыстамі, але да таго сталі ахвярамі незаконных рэпрэсій у 1930-х. Тым ня менш большасьць людзей, на якіх паказалі «Вэтэраны Расеі», былі рэабілітаваныя і прызнаныя незаконна пацярпелымі яшчэ ў савецкую эпоху.

  • Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» — найстарэйшая ў Расеі праваабарончая арганізацыя. Яна спэцыялізавалася на ўшанаваньні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій і абароне правоў сучасных палітвязьняў.
  • У 2014 годзе Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла «Мэмарыял» у сьпіс «замежных агентаў».
  • У сьнежні 2021 года таварыства «Мэмарыял» было ліквідавана рашэньнем Масгарсуда. Праваабаронцаў абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб замежных агентах. «Мэмарыял», у сваю чаргу, назваў дзеяньні расейскіх уладаў палітычна матываванымі і непрапарцыйнымі. Аднак каманда «Мэмарыялу» працягвае праваабарончую дзейнасьць ужо без юрыдычнай асобы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG