Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія псыхолягі і псыхатэрапэўты, што працуюць за мяжой, заступіліся за калег, якія трапілі пад ціск на радзіме


Машыны хуткай дапамогі ў Менску. Архіўнае фота
Машыны хуткай дапамогі ў Менску. Архіўнае фота

У рэдакцыю Свабоды паступіла заява прадстаўнікоў беларускай псыхатэрапэўтычнай супольнасьці, якія знаходзяцца за мяжой.

Супольнасьць беларускіх спэцыялістаў у мэнтальным здароўі, якія знаходзяцца за мяжой, выступіла ў пыдтрымку калег у Беларусі, што трапілі пад рэпрэсіі. Яны выказваюць спачуваньне і падтрымку калегам і іх кліентам, якія знаходзяцца ў Беларусі.

«Спачуваем пацярпелым калегам і іх блізкім. Цяпер неабходна беражліва і з разуменьнем ставіцца адзін да аднаго. Зважаем на важнасьць працягу тэрапэўтычных адносін, калі гэта магчыма...

Мы называем гвалт гвалтам і гаворым пра яго недапушчальнасьць у цывілізаваным грамадзтве. Адказнасьць за гвалт нясе той, хто яго зьдзяйсьняе, а людзі, якія зазналі гвалт, зьяўляюцца пацярпелымі. Сыстэмны характар гвалту вядзе да яго самаўзнаўленьня. І важна гэтае заганнае кола спыняць».

Аўтары звароту просяць аб карэктных формах выказваньня сваіх думак на паднятую імі тэму, каб не абражаць, не зьневажаць ці падвяргаць небясьпецы іншых:

«Мы ня будзем камэнтаваць затрыманьні псыхолагаў, псіхатэрапэўтаў і псыхіятраў і факты, вядомыя нам ці невядомыя. Таксама просім іншых калег устрымацца ад камэнтароў у індывідуальных выпадках. У бягучай сытуацыі немагчыма аналізаваць няпоўную і недакладную інфармацыю. Адваротнае можа быць шкодным і ўзмацняць параною, пладзіць здагадкі, фантазіі і плёткі».

У заяве згадваецца, што на фоне таго, што цяпер адбываецца, у Беларусі набылі моц зьмяненьні ў закон «Аб псыхалагічнай дапамозе», якія, на думку спэцыялістаў, парушаюць базавы прынцып канфідэнцыйнасьцi псыхатэрапіі.

«Важна пазначыць недапушчальнасьць асобных палажэньняў бягучай вэрсіі закону. Больш за тое, мы лічым, што такім чынам улады дыскрэдытуюць нашу прафэсію. Канфідэнцыйнасьць зьяўляецца асновай для разьвіцьця даверлівых адносін паміж спэцыялістам і кліентам, яе парушэньне вядзе да згубных і шкодных для мэнтальнага здароўя асобнага чалавека і грамадзтва ў цэлым наступстваў: павелічэньня трывожнасьці, агрэсіўнасьці, канфліктнасьці і недаверу, пагаршэньня крымінагеннай абстаноўкі, напрыклад, большай колькасьці бытавых злачынстваў, а таксама суіцыдаў».

Затрыманьні псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў

14 сакавіка стала вядома пра затрыманьні псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў у Менску і абласных цэнтрах. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Белые халаты». Па зьвестках, на якія спасылаецца канал, затрымалі ня менш за 20 спэцыялістаў.

Таксама «Белые халаты» пішуць, што падчас допытаў ад псыхолягаў і псыхіятраў патрабуюць парушыць закон аб мэдычнай тайне і дакладваць пра «нядобранадзейных» пацыентаў, якія прыходзілі да іх на прыём.

Свабодзе інфармацыю пра затрыманьні пацьвердзілі адразу зь некалькіх крыніц. Дакладна вядома пра затрыманьне некалькіх спэцыялістаў.

Прычына затрыманьня невядомая. Некаторых псыхолягаў адпусьцілі адразу пасьля затрыманьня, іншых працягваюць утрымліваць пад вартай.

Большасьць арыштаў адбыліся ў Менску. Таксама Свабодзе вядома пра затрыманьне беларускі, якая працуе псыхатэрапэўтам у адным з абласных цэнтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG