Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Літоўскія чыгункі» скасавалі кантракт з клайпедзкім тэрміналам, у якім «Беларуськалію» належыць 30% акцый


Порт у Клайпедзе, Літва
Порт у Клайпедзе, Літва

Літоўскі перавозчык Lietuvos geležinkeliai (LTG, «Літоўскія чыгункі») скасаваў кантракты зь дзьвюма клайпедзкімі кампаніямі за іх неаднаразовыя спробы абыйсьці санкцыі, уведзеныя супраць афіцыйнага Менску.

Гаворка ідзе пра клайпедзкія кампаніі Uosto Vartai і Birų Cargo Terminalas, паведамляе Zerkalo са спасылкай на BNS. Паводле дырэктара LTG Sustainability Эдвінаса Керза, гэтыя кампаніі ўжо двойчы спрабавалі абыйсьці санкцыйную палітыку Літвы ў частцы перавозак грузаў.

«Мы накіравалі папярэджаньні як Uosto Vartai, так і Birų Cargo Terminalas адносна таго, што іх дзейнасьць несумяшчальная з нацыянальнай бясьпекай і становіць вялікую небясьпеку для нашай рэпутацыі», — сказаў Керза.

Ён растлумачыў, што LTG аўтаматычна скасуе кантракт зь любым партнэрам, які зноў будзе заўважаны ў спробе абыйсьці санкцыі. «І мы гэта ўжо зрабілі з парай такіх кампаній», — дадаў дырэктар, маючы на ўвазе Uosto Vartai і Birų Cargo Terminalas.

«Беларуськалій» набыў 30% Клайпедзкага тэрміналу Birų Cargo Terminalas у 2013 годзе. Сума зьдзелкі склала 30 мільёнаў даляраў. У апошнія гады праз порт у Клайпедзе на караблі грузілася каля 10–11 мільёнаў тон угнаеньняў «Беларуськалію» ў год.

Тым часам уладальнік Клайпедзкага тэрміналу насыпных грузаў Ігар Удавіцкі піша, што Эўракамісія рыхтуецца зьняць санкцыі зь «Беларуськалію» і «Слаўкалію». Крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі паведамляюць, што згоды наконт гэтага рашэньня дагэтуль няма.

Раней эўрапейскі рэдактар Свабоды Рыкард Юзьвяк тлумачыў, што скасаваньне санкцый супраць беларускіх калійных угнаеньняў падтрымліваюць шэраг заходнеэўрапейскіх краінаў — Партугалія, Бэльгія, Нідэрлянды, Францыя, а таксама важныя краіны «трэцяга сьвету». Літва патрабуе гарантый, што ад зьняцьця санкцый ня выйграюць беларускія алігархі, якія ёсьць у санкцыйным сьпісе ЭЗ.

  • Праз санкцыі Беларусь страціла магчымасьць экспартаваць свае ўгнаеньні праз парты краін Балтыі. З 1 лютага 2022 году Літва спыніла прыём беларускіх цягнікоў з калійнымі ўгнаеньнямі ў Клайпеду. Ужо празь месяц Birų Cargo Terminalas заявіла, што плянуе звольніць практычна ўсіх супрацоўнікаў у сувязі з прастоем тэрміналу празь недахоп грузаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG