Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская — палку імя Каліноўскага: «Для беларусаў вы героі»


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да байцоў палку імя Кастуся Каліноўскага з нагоды гадавіны стварэньня вайсковага падразьдзяленьня.

«У гэты дзень роўна год таму ва Ўкраіне беларусы стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. І хаця многія абаранялі Ўкраіну яшчэ з 2014 году, менавіта батальён, а цяпер полк Каліноўскага стаў сымбалем беларуска-ўкраінскага змаганьня за свабоду, — гаворыцца ў звароце. — Бо ў нас з украінцамі ня толькі агульны вораг, але і агульнае бачаньне будучыні. Мы бачым Беларусь і Ўкраіну нацыянальнымі дэмакратычнымі эўрапейскімі дзяржавамі».

Палітык нагадала, што зь першых дзён вайны беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў самых цяжкіх баях на ключавых участках: Кіеў, Гастомель, Буча, Херсон і Лісічанск.

«А зараз вы абараняеце свабоду Ўкраіны і Беларусі ў самым пекле — у Бахмуце. Многія былі параненыя. Дзясяткі прынесьлі найвышэйшую ахвяру ў гэтых баях — свае жыцьці. Я хачу падтрымаць сем’і беларускіх добраахвотнікаў, абняць тых, хто страціў у гэтай вайне блізкага чалавека. Ваш подзьвіг ужо ўвайшоў у гісторыю нашай краіны. І наш абавязак — падтрымліваць вас у гэтую гадзіну выпрабаваньняў. Таму я дзякую кожнаму, хто дапамагае беларускім добраахвотнікам, і заклікаю працягнуць гэтыя намаганьні», — адзначыла Ціханоўская.

Ціханоўская выказала падтрымку беларускім добраахвотнікам, «хто рызыкуе ўсім, каб дапамагчы перамагчы ў гэтай вайне і назаўжды паставіць кропку ў імпэрскіх амбіцыях дыктатараў».

«Зараз у акопах, пад выбухамі снарадаў, вы набліжаеце той дзень, калі над Беларусьсю і Ўкраінай неба стане мірным, а нашыя краіны адбудуюць сыстэму бясьпекі. Вы набліжаеце той дзень, калі Беларусь стане свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай. І той дзень, калі дзяржава Рэспубліка Беларусь назаве вас ня здраднікамі, а героямі», — гаворыцца ў прывітаньні Сьвятланы Ціханоўскай.

  • Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году ва Ўкраіне. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было абвешчана аб яго пераўтварэньні ў полк.
  • Беларускія ўлады прызналі полк «экстрэмісцкім фармаваньнем», у дачыненьні да яго стваральнікаў і ўдзельнікаў распачалі крымінальныя справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG