Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Лукашэнку зрабіць, каб Польшча не закрыла мяжу. Тлумачыць экс-прадстаўнік NATO


Аляксандар Лукашэнка, каляж
Аляксандар Лукашэнка, каляж

Робэрт Пшчэль, старшы навуковы супрацоўнік Фонду Пуласкага, былы кіраўнік бюро NATO ў Маскве, пракамэнтаваў заявы Лукашэнкі пра дывэрсію ў Мачулішчах, а таксама пагрозы Польшчы закрыць мяжу зь Беларусьсю.

7 сакавіка Аляксандар Лукашэнка ўпершыню пракамэнтаваў інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах, пра які стала вядома яшчэ 26 лютага. Ён сказаў, што ў Беларусі нібыта затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных паплечнікаў», адказных за інцыдэнт. Лукашэнка пасьля больш як тыдня маўчаньня прызнаў факт дывэрсіі, але заявіў, што пашкоджаньні самалёта былі нязначныя.

  • Лукашэнка ня можа жыць без таго, каб быць у цэнтры ўвагі. Ён выкарыстоўвае ўсе магчымасьці, каб расказаць, як нехта па-за межамі Беларусі адказвае за ўсё кепскае, што адбываецца ў Беларусі. Хоць мы ведаем, што за гэта адказны рэжым Лукашэнкі.
  • Дзякуючы сур’ёзным паразам, якія атрымала Масква ў вайне супраць Украіны, магчыма, пазыцыя Лукашэнкі ў адносінах з Крамлём нават стала трохі мацнейшай.
  • Самі па сабе вайсковыя самалёты каштуюць дорага. Але самалёт А50, які быў у Мачулішчах і які мае адмысловае электроннае абсталяваньне, каштуе яшчэ больш — сотні мільёнаў. І тут нешта не супадае. Калі ён у добрым стане, дык чаму сам Лукашэнка нібыта папрасіў, каб яго забралі ў Расею, а яму прыслалі новы?
  • У словах Лукашэнкі можа быць і дэзынфармацыя, і тое, чаго ён хацеў бы ад Масквы.
Робэрт Пшчэль, архіўнае фота
Робэрт Пшчэль, архіўнае фота
  • Словы Лукашэнкі пра ўдзел ЦРУ ў дывэрсіі супадаюць з тым наратывам, які даўно ўжо вядуць і Крэмль, і ён сам. Цэль гэтай скаардынаванай дэзынфармацыі — адцягнуць увагу ад таго, што грамадзянам Беларусі ўжо абрыд гэты рэжым і не падабаецца гэтая вайна.
  • У Беларусі гэтая вайна вельмі непапулярная, у тым ліку сярод вайскоўцаў. Стан беларускіх узброеных сілаў ня надта добры. Пры тым, што рэжым спрыяе Расеі, Лукашэнка разумее, што ўдзел ва ўварваньні на тэрыторыю Ўкраіны створыць вялікія праблемы — як лягістычныя, гэтак і з гледзішча матывацыі.
  • Сам факт пагрозаў з боку Лукашэнкі не дапамагае ўкраінцам, але дагэтуль няма сурʼёзных сыгналаў, што ён гатовы на такі крок. Украінцы таксама сябе паводзяць вельмі разумна — яны не абстрэльвалі тэрыторыю Беларусі, хоць з гледзішча абароны мелі на гэта права.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік ня выключыў закрыцьця неўзабаве ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю.

«Мы павінны супрацьдзейнічаць дзеяньням Аляксандра Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы, а таксама ягонаму стаўленьню да ўласнай апазыцыі і польскай меншасьці», — заявіў Мацей Вонсік 6 сакавіка ў інтэрвію Polsat.

Вось што кажа Робэрт Пшчэль пра імавернасьць такога кроку:

  • Тут ёсьць дылема для польскіх уладаў. З аднаго боку, ніхто ня хоча нашкодзіць звычайным беларусам. Але нельга дазваляць відавочна антыпольскія крокі — і я не кажу толькі аб прапагандзе, але і аб перасьледзе польскай меншасьці. У Польшчы, напрыклад вельмі сочаць за лёсам Анджэя Пачобута, якога рэжым трымае ў турме.
  • Варшава хоча паказаць Лукашэнку, што ён ня можа бясконца рабіць настолькі агрэсіўныя і варожыя крокі.
  • Самым правільным крокам для Лукашэнкі было б спыніць вайну супраць сваіх уласных грамадзян. Польская меншасьць у Беларусі — частка гэтага. А таксама важна, каб ён перастаў падтрымліваць вайну, якую Расея вядзе ва Ўкраіне.
  • Апытаньне паказала, што 54 працэнты палякаў гатовыя падтрымаць закрыцьцё ўсіх пераходаў на мяжы зь Беларусьсю, нягледзячы на эканамічныя наступствы.
  • Гэтыя наступствы былі б большыя для Беларусі, чым для Польшчы. Пры гэтым не сакрэт, што мноства людзей, зьвязаных з рэжымам, атрымліваюць даходы ад кантрабанды. І гэта праблема для бясьпекі Польшчы — у Менску гэта павінны разумець.
  • Асымэтрыя ад закрыцьця мяжы рэальная. Напрыклад, падчас нядаўняга візыту ў Кітай Лукашэнка хацеў сябе пазыцыянаваць як сурʼёзнага гульца на міжнароднай сцэне. Але з гледзішча Кітаю значэньне Беларусі — гэта частка транзытнага шляху, які кітайцы выкарыстоўвалі шмат гадоў. Цяпер гэты шлях так ужо не працуе.
  • Лукашэнку трэба аднекуль плаціць грошы людзям, якія займаюцца сыстэматычным тэрорам, а Расея сёньня ўжо ня ў стане дапамагаць Лукашэнку так, як ён гэтага хацеў бы.
  • У Эўразьвязе ёсьць каардынацыя і абавязаньні кожнай краіны. Але ўсе разумеюць сытуацыю на мяжы, дзе ўжо амаль два гады фактычна ідзе гібрыдная вайна Лукашэнкі супраць Польшчы і іншых краін.
  • Ёсьць вельмі сурʼёзныя аргумэнты на карысьць закрыцьця з гледзішча бясьпекі і санкцый, прынятых як супраць Расеі, гэтак і супраць рэжыму Лукашэнкі. І такое рашэньне — фундамэнтальнае права кожнай краіны.
  • Як грамадзянін Эўропы і Польшчы я хачу сказаць, што мы не забываемся пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Нядаўняе адкрыцьцё прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі паказвае, што Эўропа не забываецца пра Беларусь. І ўсе ўпэўненыя, што цяперашняе ненармальнае становішча ня будзе бясконцым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG