Першы зварот мабілізаваных з Іркуцкай вобласьці да Пуціна ў пачатку лютага 2023
З 28 лютага на 1 сакавіка непадрыхтаваных мабілізаваных з Іркуцкай вобласьці ў складзе палка 1439 першага і другога батальёна адправілі на штурм Аўдзееўскага ўмацаванага раёну пад Данецкам.
Сёньня сваякі двух мабілізаваных паведамілі Сибирь.Реалии, што ўвесь полк практычна зьнішчаны — некалькі чалавек паранены, астатнія загінулі, але лічацца зьніклымі.
— Мой адзваніўся — асколачнае, у шпіталі. Кажа, ад палка нічога не засталося. Вядома пакуль толькі пра дваіх параненых, астатнія альбо загінулі, альбо кінутыя там у цяжкім становішчы. Яму дадуць толькі тыдзень! Потым зноў кінуць «на перадок»! — кажа жонка мабілізаванага Сьвятлана (імя зьменена).
Іркуцкія чыноўнікі паехалі на Данбас, дзе мабілізаваныя скардзіліся на камандаваньне. Яны маюць намер «наладзіць сувязь» з палком, які базуецца ў так званай «ДНР». Мяркуецца, гаворка ідзе пра полк 1439.
Дэлегацыя іркуцкага ўраду таксама даставіць на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны ў Данецкай рэспубліцы гуманітарную дапамогу для салдатаў.
Мабілізаваныя з Іркуцкай вобласьці тройчы запісвалі відэазвароты да Ўладзіміра Пуціна з просьбай перавесьці іх са штурмавых падраздзяленьняў у тэраабарону і скардзіліся на дзеяньні камандаваньня з так званай «ДНР».
Па словах салдат, якія знаходзяцца пад камандаваньнем Славянскай брыгады так званай «ДНР», іх адпраўляюць на штурм у адсутнасьць выведкі, сувязі і падтрымкі артылерыі, а на скаргі, што ў мабілізаваных «няма магчымасьці выканаць загад», іх абяцаюць перасьледаваць за дэзэртырства.
Пры гэтым у мабілізаваных няма вайсковай падрыхтоўкі — гэта ўчарашнія будаўнікі, кіроўцы, мэнэджары. Многія зь іх старэйшыя за 40 гадоў, з хранічнымі хваробамі.
У зваротах мабілізаваныя сьцьвярджалі, што камандаваньне забірае з поля бою толькі салдатаў з «ДНР» зь лёгкімі раненьнямі. Цяжкапараненых і забітых пакідаюць на пазыцыях, бо «баяцца страціць тэхніку».
1 сакавіка журналістам стала вядома, што іркуцкіх мабілізаваных адправілі на штурм у раёне гораду Аўдзееўкі Данецкай вобласьці.
Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага 2022 году. У верасьні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін аб’явіў так званую «частковую» мабілізацыю. Яна праходзіла з мноствам парушэньняў. Многім мабілізаваным абяцалі, што іх адправяць служыць у тэрытарыяльнай абароне, але насамрэч адпраўлялі ў зону баявых дзеяньняў.
Расея прызнана Эўрапарлямэнтам краінай — спонсарам тэрарызму. Дзеяньні Расеі прыраўноўваюцца да актаў тэрору супраць насельніцтва Ўкраіны і складаюць ваенныя злачынствы, гаворыцца ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту.