На палігоне «Брэсцкі» вайскоўцы аднаго з падразьдзяленьняў дэсантна-штурмавой брыгады ў рамках тактычных вучэньняў адпрацавалі задачы па зьнішчэньні «незаконных узброеных фармаваньняў», паведамляе Мінабароны Беларусі.
Паводле ведамства, дэсантна-штурмавая рота працавала са сродкамі ўзмацненьня. Карэкціроўку агню вялі з дапамогай дронаў, а супрацьстаялі бесьпілётнікам «праціўніка» з дапамогай зэнітных установак.
«Асаблівая ўвага была нададзеная штурмавым дзеяньням», — гаворыцца ў паведамленьні. Таксама дэсантнікі ў рамках вучэньняў правялі зачыстку траншэй і зьнішчэньне апорнага пункта «праціўніка».
Палігон «Брэсцкі» знаходзіцца прыкладна за 30 км ад Маларыты, непадалёк ад межаў з Польшчай і Украінай.
Беларускія памежнікі завяршылі вучэньні
Тым часам Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў пра завяршэньне 3 сакавіка вучэньняў з тэрытарыяльнымі органамі памежнай службы.
Плянавыя вучэньні прайшлі ў памежных групах і атрадах з 17 лютага па 3 сакавіка. У рамках вучэньняў правяралі «гатоўнасьць частак да разгортваньня і эфэктыўнасьць работы пунктаў кіраваньня па-за межамі месцаў іх сталай дысьлякацыі».
У кастрычніку 2022 году старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, што на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы і Літвы нібыта ствараюцца «незаконныя ўзброеныя фармаваньні», аснову якіх складаюць беларусы, а ў лістападзе яны разьлічваюць уварвацца «з тэрыторыі Ўкраіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку».
«Групоўка ў складзе ад 100 да 300 баевікоў з сучасным узбраеньнем, паводле іх плянаў, павінна будзе захапіць найбліжэйшы населены пункт, пажадана райцэнтар. Затым да іх далучацца найміты зь іншых краін з добраахвотнікаў з Украіны. Паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць рухацца да Менску», — заявіў Тэртэль.