Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінтранс: Абмежаваньні на мяжы з Эўразьвязам адбіваюцца на працы Беларускай чыгункі


Беларуская чыгунка. Менск (архіўнае фота)
Беларуская чыгунка. Менск (архіўнае фота)

Міністар транспарту Беларусі прызнаў, што з-за санкцый у мінулым годзе выпала каля 30 працэнтаў транзытных грузаў.

Абмежаваньні на перасячэньне мяжы адбіваюцца на працы Беларускай чыгункі і транспартнай галіны ў цэлым. Мінтранс прыкладае намаганьні, каб захаваць транзытныя патокі. Пра гэта 2 сакавіка расказаў міністар транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка:

«Мы перабудоўваем схему працы Беларускай чыгункі. Арыентуемся на захаваньне таго транзыту, які ёсьць на сёньняшні момант, а таксама на прыцягненьне дадатковых абʼёмаў — казаскіх, узбэцкіх, таджыцкіх грузаў і трэціх краін, якія могуць бесьперашкодна рухацца ў кірунку Эўразьвязу», — сказаў ён.

Міністар растлумачыў, што з прычыны санкцый на таварныя групы ў мінулым годзе выпала каля 30 працэнтаў транзытных грузаў. Замяняць іх Аўраменка хоча экспартнымі грузамі:

«Гэта адна з асноўных крыніц даходнасьці БЧ. Таму сёньня стаіць задача — забясьпечыць вываз экспартных беларускіх грузаў. Што тычыцца транзыту, скажу шчыра, мы тут мала на што можам паўплываць. Асабліва на тыя расейскія грузы, якія масава ішлі праз нашую краіну. Напрыклад, каменны вугаль. Гэта дастаткова вялікія абʼёмы, якія сёньня праз нас ня едуць», — расказаў Аўраменка.

Таксама міністар прызнаў, што ёсьць рызыкі для кантэйнэрных перавозак у зносінах Эўропа — Кітай:

«Гэта той кірунак, якім мы актыўна займаемся з нашымі кітайскімі партнэрамі, каб забясьпечыць бесьперабойны транзыт грузаў. Аднак ёсьць пэўныя складанасьці. Вы бачыце, што адбываецца ў частцы аўтамабільнага транспарту на мяжы, у частцы закрыцьця чыгуначных пунктаў пропуску зь Літвой. Сытуацыя тут досыць няпростая. Мы адсочваем, як будуць далей разьвівацца падзеі. Усе гэтыя абмежаваньні, зьвязаныя з праходжаньнем мяжы, безумоўна, уплываюць на работу транспарту», — адзначыў міністар.

Абмежаваньні на беларускай мяжы

У Літве з 16 лютага закрылі адзін з двух чыгуначных памежных пераходаў, Стасілас — Беняконі, для грузавых цягнікоў зь Беларусі. Цяпер іх рух магчымы толькі праз пункт пропуску «Кяна». Як патлумачылі ў Літоўскай мытні, гэтыя захады зробленыя ў сувязі зь вялікімі плынямі кантрабанды, якая перавозіцца цягнікамі зь Беларусі, і зьвязанай з гэтым падвышанай пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы.

У сакавіку 2020 году ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу COVID-19 Польшча пастанавіла спыніць міжнародныя чыгуначныя зносіны, у тым ліку часова прыпынілася курсаваньне цягнікоў беларускага фармаваньня. С той пары чыгуначны рух паміж краінамі так і не аднавілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG