Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністратарку чатаў «97%», якая вярнулася ў Беларусь па праграме сілавікоў «Дарога дамоў», асудзілі на 4,5 года калёніі


Тацяна Курыліна, архіўнае фота
Тацяна Курыліна, архіўнае фота

У Гомельскім абласным судзе з 28 сьнежня ў закрытым рэжыме праходзіў судовы працэс супраць 49-гадовай адміністратаркі пратэставых чатаў «97%» Тацяны Курылінай.

30 сакавіка ў справе Тацяны Курылінай агучылі вырак — 4,5 года калёніі. Пракурор прасіў для падсуднай 5 гадоў зьняволеньня. Таксама яна мусіць выплаціць 23 тысячы рублёў пацярпелым у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

Тацяну Курыліну абвінавацілі паводле крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
  • ч.1 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных);
  • ч.1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці);
  • ч.3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных);
  • арт. 188 (паклёп);
  • ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненьні Лукашэнкі);
  • ч. 2 арт.203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак);
  • ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта);
  • ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта, зьдзейсьнены паўторна);
  • ч.2 арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак).

Паводле матэрыялаў сьледзтва, Тацяна Курыліна з 20 жніўня 2020 году па 20 лютага 2022 году праз Telegram-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеяньняў супраць прадстаўнікоў улады і сілавых структур.

Яна ж бяз згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія работнікі і судзьдзі, неправамерна зьбірала, сыстэматызавала і распаўсюджвала зьвесткі аб іх прыватным жыцьці, чым прычыніла істотную шкоду іхным правам і законным інтарэсам. У такіх паведамленьнях нібыта зьмяшчалася загадзя лжывая інфармацыя.

У тэкставых паведамленьнях абвінавачанай у Telegram-чатах таксама знайшлі «абразы з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі», «пагрозы гвалтам у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі».

Як паведамлялася ў СМІ, Тацяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 году беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліну паказалі на беларускай тэлевізіі ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай, пісала «Вясна». Лебедзева расказала, што актывістка вярнулася ў Беларусь з Польшчы ў рамках праграмы «Дарога дадому».

Адміністратарка чатаў «97%» расказвала, што чаты ня маюць сэнсу, але яны кантралююцца польскімі спэцслужбамі. Прапагандыстка Лебедзева заявіла ў сюжэце, што Курыліна «пачынае новае жыцьцё».

У сьнежні 2022 году стала вядома, што Тацяна Курыліна з чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА, яе абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў.

Паводле праваабаронцаў, агулам за 2022 год і пачатак 2023 году затрымалі сама меней 58 чалавек, якія вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы.

Зь іх мінімум 10 чалавек асудзілі на пазбаўленьне волі тэрмінам ад аднаго да пяці гадоў калёніі, чатырох чалавек — на «хатнюю хімію», а супраць яшчэ сямі распачалі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі ў адміністрацыйных справах і зьмяшчалі ў ізалятар на «суткі» або адпускалі дадому зь велізарным штрафам пасьля суду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG