Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне ў Мачулішчах


Паведамленьне ByPol пра падрыў расейскага вайсковага самалёта ў Мачулішчах
Паведамленьне ByPol пра падрыў расейскага вайсковага самалёта ў Мачулішчах

Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманьні ў Мачулішчах. Учора ByPol заявіў, што там падарвалі расейскі вайсковы самалёт.

Вядома, што ўчора ўвечары ў Мачулішчах затрымалі Крысьціну Максіменку, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Прычыны затрыманьня і яе месцазнаходжаньне пакуль невядомыя.

Учора тэлеграм-канал аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol заявіў, што раніцай 26 лютага беларускія партызаны дронамі падарвалі расейскі вайсковы самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50 на вайсковым аэрадроме Мачулішчы, разьмешчаным за 12 км ад Менску. Паводле інфармацыі ByPol, у выніку двух выбухаў пацярпелі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджана авіёніка і радыёлякацыйная антэна, «пашкоджаньні сур'ёзныя, самалёт ужо нікуды не паляціць».

Паводле кіраўніка ByPol Аляксандра Азарава, «удзельнікі апэрацыі — беларусы, удзельнікі пляну «Перамога», яны цяпер ужо ў бясьпецы за межамі краіны».

Выданьне The Moscow Times піша, што прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі заявіў, што інфармацыі пра выбухі не паступала. Міністэрства абароны Беларусі не камэнтуе сытуацыі афіцыйна. Прадстаўнік міністэрства запэўніў, што на аэрадроме нічога значнага не адбылося.

Свабода пакуль ня можа спраўдзіць праўдзівасьць інфармацыі пра падрыў самалёта ў Мачулішчах.

У ByPol таксама папярэдзілі, што сілавікі пачалі адсочваць камэнтары ў сацыяльных сетках наконт выбуху, і параілі ўсім, хто знаходзіцца ў Беларусі, захоўваць асьцярожнасьць.

  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей ў Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG