Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Латушка заявіў пра сыход з Каардынацыйнай Рады. У Радзе пракамэнтавалі яго словы


Павал Латушка
Павал Латушка

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады Павал Латушка заявіў у эфіры «Еўрарадыё», што пакідае яе.

«Гэта зьвязана не пэрсанальна са мной, гэта зьвязана з падыходам, які можа ў канцы прывесьці да зьмены стратэгій дэмакратычных сіл Беларусі», — заявіў ён.

Паводле Латушкі, яго не задавальняе тое, што новае скліканьне Каардынацыйнай Рады працуе над зьменай стратэгіі «барацьбы з рэжымам Лукашэнкі», якое прадугледжвае магчымы дыялёг з афіцыйным Менскам, а таксама абмеркаваньне зьмякчэньня санкцый супраць Беларусі. Як паведаміў палітык, галасаваньне за прыняцьце новага рэглямэнту пройдзе ў гэтую нядзелю 26 лютага.

«Я за тое, каб весьці барацьбу. Унутры — гэта падпольны рух. За мяжой — беларуская прота-армія», — заявіў Латушка.

На думку Латушкі, калі цяпер на Захадзе будуць чуць «два галасы» — Аб’яднанага пераходнага кабінэту і Каардынацыйнай рады, якая будзе выступаць за зьняцьце санкцый і дыялёг з рэжымам, — гэта прывядзе да замяшальніцтва сярод міжнародных партнэраў, а таксама яны могуць абраць дамаўляцца з Лукашэнкам — некаторыя заходнія палітыкі больш схільныя да такога шляху.

Прадстаўнік Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў заявіў «Еўрарадыё», што Каардынацыйная Рада не прымала аніякіх рашэньняў наконт зьмены стратэгіі:

«Магу сказаць, што Каардынацыйная рада не прымала ніякіх рашэньняў наконт зьмены стратэгіі. Гэта асабістая ацэнка Паўла Латушкі, мне не вядома, на чым яна грунтуецца. У нас 107 (ужо 106) сябраў. На дадзены момант вельмі зьдзіўленыя, што Павал выступае з такімі заявамі ад імя ўсіх», — сказаў Іван Краўцоў.

Каардынацыйная рада была створаная ў Менску ў 2020 годзе. Мэтай арганізацыі было пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі і абарона яе сувэрэнітэту і незалежнасьці. Арганізацыя зазнала перасьлед уладаў: у выніку частка людзей, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі, частка выехала за мяжу, яшчэ частка спыніла палітычную дзейнасьць.

9 жніўня 2022 году было прынята рашэньне аб рэарганізацыі Каардынацыйнай рады. Асноўнай яе задачай пасьля рэструктурызацыі называлася распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцый разьвіцьця Беларусі».

У пачатку лютага быў апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі і прадстаўніцы Офісу па адукацыі для «Новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і іншых арганізацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG