Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28-гадовага анкахворага, які вярнуўся ў Беларусь на абсьледаваньне, асудзілі на год калёніі

Анатоль Пугач
Анатоль Пугач

Баранавіцкі суд прызначыў 28-гадоваму Анатолю Пугачу пакараньне ў выглядзе 1 году пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Справу разглядала судзьдзя Аксана Літвінчык, працэс пачаўся 21 лютага.

Мабільны тэлефон, які належыць Анатолю Пугачу, канфіскавалі ў даход дзяржавы «як сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

28-гадовага Анатоля Пугача затрымалі 13 сьнежня, на наступны дзень пасьля вяртаньня з Польшчы. У Беларусь ён прыехаў на абсьледаваньне, бо за мяжой у яго вынайшлі анкалягічнае захворваньне.

Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Па матэрыялах абвінавачаньня, хлопец «пасьля прагляду відэазапісаў, якія зьмяшчалі абразу прэзыдэнта, разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы ўказаныя відэазапісы, тым самым прынізіў гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі».

Нягледзячы на стан здароўя Анатоля, 23 студзеня судзьдзя Паўлоўская адмовілася зьмяніць яму меру стрыманьня хаця б на хатні арышт і пакінула яго ў СІЗА.

Праваабаронцы прызналі Анатоля Пугача палітычным зьняволеным.

XS
SM
MD
LG