Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2016 годзе адбыў 4 месяцы ў СІЗА КДБ за «эканоміку», цяпер схапілі за рэпосты. Што вядома пра затрыманага бізнэсоўца Пятра Старацітарава


Пятро Старацітараў. Архіўнае фота
Пятро Старацітараў. Архіўнае фота

6 лютага сілавікі затрымалі вядомага на Палесьсі бізнэсоўца, стваральніка групы кампаній «Лотас» Пятра Старацітарава. Блізкі да міліцыі тэлеграм-канал выклаў відэа з затрыманьнем 65-гадовага бізнэсоўца. Расказваем, што вядома пра затрыманага.

«Да яго два разы выклікалі хуткую, завезьлі ў шпіталь»

У тэлеграм-канале, зьвязаным з гомельскім упраўленьнем ГУБАЗіК, 9 лютага зьявілася відэа з затрыманьнем жыхара Мазыра Пятра Старацітарава. Тэлеграм-канал паведаміў, што затрыманы «абражаў прэзыдэнта», «распальваў сацыяльную варожасьць» і «адкажа па строгасьці закону». 9 лютага Старацітараву акурат споўнілася 65 гадоў. Дзень нараджэньня ён сустрэў за кратамі.

Як стала вядома Свабодзе, пасьля затрыманьня жыхару Мазыра зрабілася блага. У аддзеле міліцыі ён траціў прытомнасьць. Да бізнэсоўца двойчы выклікалі «хуткую», якая фіксавала высокі ціск. Урэшце мэдыкі забралі Пятра Старацітарава ў мазырскі шпіталь. Там ён прабыў тры дні ў суправаджэньні канвою, які сядзеў як у палаце, так і звонку. Да Пятра Старацітарава нікога не пускалі.

Пасьля затрыманага перавезьлі ў СІЗА ў Гомель, гэта адбылося ўначы 13 лютага. Там ён таксама трапіў у мэдычную частку СІЗА праз праблемы з сэрцам і высокі ціск. «Стан ягоны не палепшыўся», — сказала крыніца Свабоды.

Хто такі Пятро Старацітараў

Пятро Старацітараў нарадзіўся ў вёсцы Церахоўка Добрускага раёну. Ён скончыў унівэрсытэт у Крывым Розе ва Украіне па спэцыяльнасьці «цывільнае і прамысловае будаўніцтва». Старацітараў на момант заканчэньня ВНУ быў адзіны, хто атрымаў чырвоны дыплём.

Пасьля вучобы вярнуўся ў Беларусь, працаваў у будаўнічай сфэры. У 90-х разам зь сябрамі стварыў кампанію «Лотас». У асноўным яна займалася будаўніцтвам, таксама мэблевай вытворчасьцю. Кампанія выпускае жалезабэтонныя вырабы, газасылікатныя блёкі. «Лотас» мае свой кар’ер у Мазырскім раёне і філіялы ў Расеі. Кампанія супрацоўнічала ў тым ліку з Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам. Да 2016 году Пятро Старацітараў уваходзіў у «Топ-50» багатых бізнэсоўцаў гомельскага рэгіёну.

«Ён вельмі адукаваны, кампэтэнтны будаўнік і кіраўнік. Ён забясьпечыў людзей працоўнымі месцамі. Раней на прадпрыемстве было 1200 працаўнікоў. Увесь свой час ён аддаваў працы, ад цямна і да цямна. Пятро Старацітараў ахвяраваў грошы на будаўніцтва цэркваў. Напрыклад, у вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёну. Дапамагаў людзям, і таксама пералічваў грошы на дапамогу жывёлам», — кажа крыніца Свабоды.

Па словах суразмоўцы, Пятро Старацітараў працаваў сумленна, і нават у 90-х ня зьвязваўся з бандытамі. «Але здарыўся 2016 год, і яго арыштавалі», — дадала крыніца.

«Забралі грошы і таму адпусьцілі зь СІЗА КДБ»

У 2016 годзе ў Беларусі адбыўся шэраг арыштаў прадпрымальнікаў. За краты трапілі Яўген Баскін, Юрый Чыж, Віталь Арбузаў, Аляксандар Кныровіч, Ганна Шарэйка, сын і бацька Япрынцавы, Андрэй Паўлоўскі.

Іх затрыманьні і пазьнейшыя памілаваньні (пасьля выплаты буйных грашовых «кампэнсацый». — РС) ці судовыя працэсы падрабязна асьвятляліся ў СМІ. Тады ж у лютым 2016 году быў затрыманы і Пятро Старацітараў.

«Ён трапіў у гэтую хвалю масавых затрыманьняў. Яго і некаторых партнэраў па бізнэсе абвінавацілі ў „незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці“. Пятра пасадзілі ў СІЗА КДБ. Там ён правёў за кратамі чатыры месяцы», — расказала крыніца Свабоды.

КДБ Беларусі афіцыйна пацьвердзіў арышт Пятра Старацітарава і ягоных партнэраў. Спэцслужба заявіла пра крымінальную справу за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць арганізаванай групай».

«Вынік — зрабілі „даўжніком дзяржаве“. Фактычна проста забралі кучу грошай у яго. На прадпрыемстве зь цягам часу пасьля гэтага „законнага рабунку“ засталося працаваць каля 500 чалавек, дзе раней былі 1200», — расказвае суразмоўца.

Паводле яго, знаходжаньне ў СІЗА КДБ Пятру Старацітараву далося нялёгка. «Ён пасьля казаў, што свабода — вялікая каштоўнасьць. Ён не хацеў нідзе жыць, апроч Беларусі. Таму што патрыёт, любіць Радзіму, прыроду. Ягоным хобі было паляваньне і рыбалка, адпачынак на прыродзе», — кажа крыніца.

На асабістай старонцы бізнэсоўца ў Facebook няма ўласных допісаў, толькі рэпосты розных СМІ. «Пакуль вядома, што яму інкрымінуюць „абразу Лукашэнкі“, хоць ён, наколькі я ведаю, нікога не абражаў», — кажа суразмоўца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG