Міністар абароны Хрэнін патлумачыў, хто трапіць у народнае апалчэньне і навошта яно

Віктар Хрэнін
Віктар Хрэнін

На пасяджэньні Рады бясьпекі Беларусі быў разгледжаны праект закону «Аб народным апалчэньні».

БЕЛТА абнародавала тлумачэньні міністра абароны Віктара Хрэніна наконт законапраекту.

«Неабходнасьць прыняцьця гэтага закону абумоўленая двума фактарамі. Па-першае, гэта стварэньне дадатковых умоў для падтрыманьня правапарадку ў пэрыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія ў найменшай ступені будуць ахопленыя органамі ўнутраных спраў і войскамі... Другі фактар — гэта даць нашым грамадзянам, якія ня будуць ахопленыя мабілізацыйнымі мерапрыемствамі, магчымасьць удзельнічаць у абароне краіны», — сказаў міністар.

Паводле законапраекту, добраахвотнікі, якія ўступілі ў шыхты народнага апалчэньня, будуць разьмяшчацца па месцы жыхарства і выконваць свае працоўныя функцыі.

Паводле разьлікаў Міністэрства абароны, колькасьць народнага апалчэньня можа скласьці 100–150 тысячаў чалавек.

«У нас дастаткова мабілізацыйнага рэсурсу, які стаіць на ўліку ў нашых вайсковых камісарыятах. Мы правялі праверку і бачым, што яны ня ўсе будуць задзейнічаныя па мабілізацыйным пляне. Гэта перш за ўсё тыя людзі, якія ўжо навучаныя і ўмеюць валодаць зброяй. Але мы не выключаем, што добраахвотнікамі могуць стаць і тыя людзі, якія не прайшлі вайсковую падрыхтоўку, у тым ліку і жанчыны», — сказаў Хрэнін.

​
XS
SM
MD
LG