Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпарт футра норкі, экспарт «Кока-Колы», адпачынак у Ялце. Як Беларусь супрацоўнічае з анэксаваным Крымам


Пажар пасьля выбуху на Керчанскім мосьце. 8 кастрычніка 2022 году
Пажар пасьля выбуху на Керчанскім мосьце. 8 кастрычніка 2022 году

Нядаўна стала вядома, што хімічную прадукцыю зь Севастопаля будуць пастаўляць у Беларусь. Паглядзелі, якія яшчэ сумесныя праекты ёсьць у беларусаў з украінскім паўвостравам, акупаваным Расеяй.

У верасьні 2022 году Менск і Севастопаль заключылі пагадненьне аб супрацоўніцтве, хаця Беларусь юрыдычна пакуль так і не прызнала Крым расейскім. Летась у ліпені падобнае пагадненьне заключылі і зь Віцебскім аблвыканкамам на Форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі, які праходзіў у Горадні. Міжнародная супольнасьць лічыць анэксаваны ў 2014 годзе паўвостраў Крым часткай Украіны. На Расею за анэксію паўвострава наклалі шэраг санкцый.

У Беларусь зь Севастопаля павязуць хімічныя прадукты

Гэта матэрыялы для гермэтычнай ізаляцыі, якія выкарыстоўваюць у электраправодцы і пры вырабе ліцьцёвых формаў. Пра імпарт з анэксаванага Крыму дамовіліся сёлета ў лютым, калі беларускія прадпрымальнікі, якія працуюць у сфэры харчовай прадукцыі і прамысловай хіміі, зьезьдзілі ў Севастопаль.

Беларускую «Кока-Колу» прадаюць у Сімферопалі і Алушце

Напой, разьліты на заводзе «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія» ў Калядзічах, прадаецца на паўвостраве прынамсі зь лістападу 2022 году, высьветлілі расьсьледнікі праекту Motolko.help. Такую прадукцыю заўважылі ў невялікіх сеткавых крамах Сімферопаля і Алушты. Гэта маглі быць кантрабандныя пастаўкі праз Расею.

У чэрвені 2022 году агенцтва Reuters са спасылкай на заяву The Coca-Cola Company паведаміла, што ў Расеі спыніцца вытворчасьць і продажы кока-колы. На сайце расейскага прадстаўніцтва Coca-Cola Company таксама сказана, што кампанія прыпыняе сваю дзейнасьць у Расеі.

У санаторыі ў Ялце адпачываюць беларусы

Летась у кастрычніку пасьля выбуху на Крымскім мосьце стала вядома, што на той момант у крымскім санаторыі «Белоруссия» адпачывалі больш за 200 беларусаў, а ўсяго ў санаторыі 366 месцаў, то бок беларусы складалі большасьць наведнікаў. Пуцёўка на аднаго чалавека туды каштуе 450-650.

Крымскі рыс везьлі празь Беларусь у Польшчу

Ва Ўкраіне сёлета арыштавалі больш як 20 кампаній, якія былі ў ланцужку паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з Крыму ў Эўразьвяз. Яны перапраўлялі рыс, вырашчаны ў Крыме, праз Расею і Беларусь у Польшчу. Гэта яшчэ адзін варыянт таго, як бізнэсоўцы абыходзілі санкцыі Эўразьвязу.

У Беларусь пастаўлялі віно, муку зь вінаградных костачак і футра норкі

Улады анэксаванага Крыму ў 2022 годзе заключылі кантракты на пастаўку ў Беларусь прадукцыі на 2,6 млн даляраў, паведамляла летась у сьнежні віцэ-прэм’ер-міністар фінансаў акупацыйнай адміністрацыі Крыму Ірына Ківіка.

Гаворка ішла пра экспарт віна і мукі зь вінаградных костачак (на суму менш за 730 тысяч даляраў), а таксама футра норкі (звыш 1,2 млн даляраў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG