Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі загадзя заявілі, што не падтрымаюць рэзалюцыю ААН да гадавіны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну


Вынікі галасаваньня Генасамблеі ААН з асуджэньнем дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне, кастрычнік 2022. Архіўнае фота
Вынікі галасаваньня Генасамблеі ААН з асуджэньнем дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне, кастрычнік 2022. Архіўнае фота

Афіцыйны Менск не падтрымае рэзалюцыю Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, прымеркаваную да гадавіны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, заявіў пастаянгы прадстаўнік Беларусі Валянцін Рыбакоў на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН у Нью-Ёрку.

У праекце дакумэнту «Прынцыпы, якія ляжаць у аснове ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру ва Ўкраіне» гаворыцца пра неабходнасьць як мага больш хуткага дасягненьня «міру, які забясьпечвае незалежнасьць, сувэрэнітэт, адзінства і тэрытарыяльную цэласнасьць» украінскай дзяржавы. Як і ў папярэдняй рэзалюцыі, у гэтай патрабуецца «неадкладны, поўны і безумоўны вывад» расейскіх войскаў па-за міжнародна прызнаныя межы Ўкраіны.

Рыбакоў нагадаў, што 12 лютага 2015 года ў Менску было падпісанае пагадненьне, накіраванае на ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Аднак, паводле беларускага дыплямата, Украіна і краіны Захаду выкарысталі перамоўны працэс, каб выйграць час для падрыхтоўкі да вырашэньня сытуацыі ваенным шляхам. Такім чынам, лічыць пастаянны прадстаўнік Беларусі, былое ўкраінскае кіраўніцтва і кіраўнікі эўрапейскіх дзяржаваў, якія абавязаліся прытрымлівацца Менскіх дамоўленасьцей, схлусілі пра свае намеры.

Замест гэтага, сказаў ён, на разгляд Генэральнай асамблеі «ўносіцца чарговы праект рэзалюцыі з абвінавачваньнямі ў агрэсіі» на адрас РФ, у якім «ні слова не гаворыцца пра сапраўдныя прычыны цяперашняга канфлікту». Гэтымі прычынамі дыплямат лічыць «зьнішчэньне на працягу васьмі гадоў жыхароў Данбаса, адраджэньне ва Ўкраіне нацызму, актыўныя дзеяньні Захаду па ператварэньні Ўкраіны ў анты-Расею».

«Мы прагаласуем супраць праекту рэзалюцыі, калі ў яго ня будуць унесеныя адпаведныя зьмены, у тым ліку і параграф з самым рашучым асуджэньнем дзеяньняў згаданых мной пэрсанажаў (адказных за зрыў выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў. – BPN.)», – заявіў Рыбакоў.

  • Беларусь традыцыйна галасуе супраць рэзалюцый Генасамблеі ААН, зьвязаных з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, анэксаваньнем ёю чужых тэрыторый ды інш. Апрача Менска такія дакумэнты, як правіла, не падтрымліваюць Іран, Кітай, Куба, Паўночная Карэя, Эрытрэя і шэраг іншых дзяржаваў.
  • Днямі былы памочнік прэзыдэнта Расеі, які адказваў за ўзаемадзеяньне з Украінай і курыраваў сэпаратыстаў Данбасу, Уладзіслаў Суркоў заявіў, што, працуючы над Менскімі пагадненьнямі па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне, не зыходзіў з таго, што яны павінны быць выкананыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG