Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін ЗША правярае ўладальніка беларускага «Прыёрбанку» Raiffeisen Bank — у сувязі з працай у Расеі


Упраўленьне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) пачало расьсьледаваньне ў дачыненьні да аўстрыйскага банкаўскага канглямэрату Raiffeisen Bank International у сувязі зь яго дзейнасьцю ў Расеі. OFAC займаецца плянаваньнем і прымяненьнем эканамічных і гандлёвых санкцый.

У банку агенцтву Reuters паведамілі, што арганізацыя атрымала запыт ад OFAC з просьбай «растлумачыць плацежны бізнэс і зьвязаныя зь ім працэсы, якія ажыцьцяўляюцца RBI, у сьвятле апошніх падзей, зьвязаных з Расеяй і Украінай».

Ведамства папрасіла прадставіць інфармацыю аб дзейнасьці банка ў Расеі, у акупаванай частцы Данбасу, а таксама ва Ўкраіне і Сырыі. Акрамя таго, OFAC запытала ў банка зьвесткі пра транзакцыі і дзейнасьць некаторых кліентаў.

Прадстаўнік Мінфіна ЗША адмовіўся ад камэнтароў. У заяве Raiffeisen Bank International гаворыцца, што арганізацыя «цалкам супрацоўнічае» з OFAC і разумее, што запыт ня быў выкліканы нейкай канкрэтнай апэрацыяй ці бізнэсам.

У мінулым Raiffeisen Bank не трапляў пад санкцыі, аднак запыт OFAC выклікае занепакоенасьць у эўрапейскіх фінансавых рэгулятараў, адказных за нагляд за дзейнасьцю банка, бо ён можа прывесьці да штрафных мераў.

У Расеі «Райффайзенбанк» зьяўляецца адной з дзьвюх замежных установаў, якія ўваходзяць у расейскі пералік 13 сыстэмна важных банкаў.

У Беларусі працуе «дачка» аўстрыйскай кампаніі Raiffeisen Bank International — «Прыёрбанк». У жніўні 2021 году Raiffeisen Bank International абмежаваў супрацоўніцтва зь Беларусбанкам праз санкцыі супраць Беларусі.

Летась у Беларусі асудзілі стваральніка і кіраўніка праўленьня «Прыёрбанку» Сяргея Касьцючэнку. Яго затрымалі 9 сакавіка. У жніўні банкіру прысудзілі 3,5 года пазбаўленьня волі, яго прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, што пацягнула за сабой страты ў асабліва буйным памеры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG