Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: У студзені падзеньне прамысловай вытворчасьці склала 4,1%


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У студзені 2023 года аб'ём прамысловай вытворчасьці ў бягучых цэнах склаў 14,1 млрд рублёў, што ў супастаўных цэнах на 4,1% менш, чым у студзені 2022 года, сьведчаць зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Вытворчасьць у сфэры горназдабыўной прамысловасьці вырасла на 2,8%. Абʼёмы апрацоўчай прамысловасьці зьнізіліся на 3,7%; забесьпячэньне электраэнэргіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — на 7,8%; у водазабесьпячэньні, зборы, апрацоўцы і выдаленьні адходаў, дзейнасьці па ліквідацыі забруджваньняў вытворчасьць зьнізілася на 0,3%.

Па выніках 2022 года Беларусь і Расея былі адзінымі краінамі Эўразійскага эканамічнага саюза, дзе быў зафіксаваны спад прамвытворчасьці, сьведчаць зьвесткі дэпартамэнта статыстыкі Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Скарачэньне вытворчасьці ў гэтых краінах склала 5,4% і 0,6% адпаведна.

У Казахстане адзначаны рост на 1,1%, у Армэніі — на 7,8%, Кыргызстане — на 11,4%. У цэлым абʼём прамысловай вытворчасьці ў ЭАЭС зьнізіўся на 0,6%.

Летась 22 жніўня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з віцэ-прэмʼерам Пятром Пархомчыкам заявіў: «Наша задача адна ў эканоміцы — ня ўпасьці ніжэй за мінулы год». Паводле яго слоў, галоўную ролю ў гэтым «павінна адыграць, вядома ж, прамысловасьць».

У канцы восені Пархомчык прагназаваў падзеньне вытворчасьці па выніках 2022 прыкладна на 4%.

Сёлета 22 студзеня года ён заявіў, што леташні — даваенны — студзень «быў цудоўны», «многія прадпрыемствы спрацавалі, скажам так, з вялікімі тэмпамі росту да ўзроўню 2021 года, не было праблем па нафтавеку, не было праблем па лесаперапрацоўчай прамысловасьці».

«Цяпер гэтыя праблемы зьявіліся», — прызнаў ён, маючы на ўвазе сэктаральныя санкцыі дэмакратычных краін з-за саўдзелу беларускіх уладаў у расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Пархомчык прагназуе, што на працягу першага квартала 2023 года прамысловасьць «выйдзе на ўзровень 100%», а потым пачне расьці.

На яго думку, бягучы год «будзе пасьпяховым як для Беларускай калійнай кампаніі, так і для [Беларускай] нафтавай кампаніі».

«Таму што асноўныя дамоўленасьці ёсьць, і мы прадстаўляем, што ў нас хутка будзе прырост да ўзроўню 2022 года», — сказаў віцэ-прэмʼер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG