Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія паніжае дыпляматычную прысутнасьць у Беларусі. Пасол зойме важную пасаду ў канцылярыі новага прэзыдэнта


Томаш Перніцкі і Аляксандар Лукашэнка, 2019 год
Томаш Перніцкі і Аляксандар Лукашэнка, 2019 год

Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Томаш Перніцкі правёў некалькі год у адной з самых складаных дыпляматычных місій у Эўропе, піша чэскае выданьне Lidovky.cz. Цяпер ён пакідае пасаду і вяртаецца ў Прагу. Паводле інфармацыі выданьня, ён накіруецца ў Праскі Град. Так у Чэхіі называюць рэзыдэнцыю прэзыдэнта.

Томаш Перніцкі павінен заняць пасаду начальніка пратакола ў канцылярыі новаабранага прэзыдэнта Пэтра Паўла.

«Пра гэта павінна быць абвешчана ў панядзелак», — паведаміла сайту Lidovky.cz надзейная крыніца, блізкая да працэсу перадачы паўнамоцтваў паміж прэзыдэнтамі. Затым іншая дыпляматычная крыніца дадала больш падрабязнасьцяў.

«У мінулым Перніцкі быў дырэктарам дыпляматычнага пратаколу ў Міністэрстве замежных спраў. Ён гэта (пратакол) разумее. Замест яго ўжо ёсьць зацьверджаны прадстаўнік. Ён павінен быць не амбасадарам, а часовым павераным у справах», — сказала крыніца.

У дыпляматычным пляне, як тлумачыць выданьне, гэта азначае, што рэжым Лукашэнкі, які падтрымлівае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, больш ня будзе мець паўнавартаснага амбасадара Чэхіі. Прага такім чынам фактычна пагоршыць дыпляматычныя адносіны зь Менскам.

Ані амбасадар Перніцкі, ані міністар замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі, ані прэс-сакратар новаабранага прэзыдэнта Пэтра Паўла не адказалі на пытаньні Lidovky.cz. Аднак у нядзелю намесьнік міністра замежных спраў Марцін Дворжак не выключыў пераходу Перніцкага ў каманду новага прэзыдэнта.

Томаш Перніцкі працуе ў Менску з 2018 году. Да гэтага працаваў у Армэніі, Грузіі, Украіне, ПАР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG