Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сахашчык ператварыўся ў паўнавартаснага палітыка». Вынікі паўгода працы Аб’яднанага кабінэту


Аб’яднаны пераходны кабінэт: Аляксандар Азараў, Валеры Сахашчык, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Валер Кавалеўскі. 2023
Аб’яднаны пераходны кабінэт: Аляксандар Азараў, Валеры Сахашчык, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Валер Кавалеўскі. 2023

Ці прадоўжыць Кабінэт працу і ці вырасьлі палітычна яго асобныя прадстаўнікі? Адказвае аналітык Арцём Шрайбман.

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 8–9 жніўня Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла аб стварэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Яго паўнамоцтвы былі разьлічаныя якраз на паўгода працы.

Падчас канфэрэнцыі ў Вільні меркавалася, што праз шэсьць месяцаў працы Кабінэт дасьць справаздачу перад навастворанай Каардынацыйнай радай, якая будзе выконваць функцыі протапарлямэнту. Аднак склад Каардынацыйнай рады быў зацьверджаны літаральна за адзін дзень да паўгодзьдзя існаваньня Кабінэту.

Пакуль незразумела, якім чынам будуць падоўжаныя паўнамоцтвы Кабінэту пасьля 9 лютага. Свабода зьвярталася па камэнтар у прэс-службу Сьвятланы Ціханоўскай, але там адказалі, што рыхтуецца адмысловы прэс-рэліз, а таксама прэс-канфэрэнцыя 14 лютага. Адказваць на дадатковыя пытаньні аб працы Кабінэту там адмовіліся.

«Нічога не чакаў, таму не расчараваны»

Пра вынікі дзейнасьці Кабінэту цягам паўгода Свабода паразмаўляла з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.

— 10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла, што прызначае прадстаўнікоў Кабінэту на наступныя паўгода. Мэтамі новага ўтварэньня называліся абарона незалежнасьці і сувэрэнітэту, стварэньне ўмоў для свабодных выбараў. Ці стаў Кабінэт нейкім штуршком у набліжэньні да гэтых мэтаў?

— Я ня бачу, якім чынам Кабінэт гэтаму спрыяе і як набліжае да гэтых мэтаў. Адзіны прыкметны ўнутраны вынік — яны ўсё яшчэ разам, не рассварыліся, кааліцыя працягвае жыць. Што тычыцца вонкавых вынікаў, то я ня бачу тут істотных посьпехаў. Але трэба сказаць, што я асабіста нічога не чакаў ад працы Кабінэту, таму расчараваньня няма.

— Ці дадалі пасады «міністраў» палітычнай вагі і аўтарытэту асобным прадстаўнікам Кабінэту?

— Не. Хіба што дзякуючы гэтай пасадзе мы ўбачылі новую асобу — Валера Сахашчыка. Праз гэтае прызначэньне Сахашчык ператварыўся ў паўнавартаснага палітыка са сваёй гісторыяй, са сваімі прыхільнікамі. Латушка і Азараў ужо да гэтага былі дастаткова рэалізаванымі палітыкамі і сьпікерамі. Амплюа Валера Кавалеўскага таксама ня моцна зьмянілася, ён як успрымаўся прадстаўніком Ціханоўскай у міжнароднай палітыцы, так і ўспрымаецца. Што тычыцца Аліны Коўшык і Вольгі Гарбуновай, то мне здаецца, што не прайшло так шмат часу, каб мы ўбачылі, што ім гэта дало з гледзішча палітычнай вагі. Тацяне Зарэцкай жа гэта дадало толькі праблем.

Аб'яднаны пераходны кабінэт сустрэўся з прадстаўнікамі Польшчы. Варшава, 2022
Аб'яднаны пераходны кабінэт сустрэўся з прадстаўнікамі Польшчы. Варшава, 2022

— Ці не пачынаюць «міністры» часткова засланяць сабой саму Ціханоўскую?

— Ня думаю. Ціханоўскай ня стала меней у мэдыя, ня стала меней у пытаньнях міжнароднай дыпляматыі. Хутчэй Кабінэт надаў структуры Ціханоўскай нейкіх новых фарбаў, асабліва знаходжаньне там сілавікоў. Раней Ціханоўская асацыявалася выключна зь бяззубым, мірным пратэстам. Цяпер так сказаць ужо нельга пры наяўнасьці двух сілавікоў побач.

«Пакуль маюць стымул трымацца разам»

— У пачатку сваёй дзейнасьці праца Кабінэту суправаджалася шматлікімі скандаламі (пашпарт Сахашчыка, кейс Зарэцкай). Гэта праблемы росту ці нешта больш сыстэмнае?

— Я б не назваў іх шматлікімі. Той жа скандал з «Чорнай кнігай Беларусі» — гэта не пра Кабінэт. Так, гэта аб праблемах росту, аб недасканалай сыстэме праверкі кандыдатаў і іх біяграфій. Я ня бачу тут катастрофаў, але гэта прыводзіла да атручваньня мэдыйнага фону вакол Кабінэту.

— Зьяўленьне адразу двух сілавых міністраў — гэта прыкмета часу?

— Безумоўна. Цяжка гэта было ўявіць да вайны. У сытуацыі, калі пуцінскі рэжым гатовы на любыя сілавыя акцыі дзеля сваіх інтарэсаў і Лукашэнку ён будзе абараняць войскамі і танкамі, працягваць спадзявацца толькі на тактыку мірных пратэстаў было б як мінімум незразумела для большасьці актыву. Гэта натуральны вэктар разьвіцьця дэмакратычных сілаў.

Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка, 2022
Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка, 2022

— У якіх сфэрах сёньня ёсьць магчымасьці для росту працы Кабінэту?

— Ёсьць пэрспэктывы далейшай міжнароднай легітымізацыі. Кабінэт можа ўступіць у большую колькасьць адносін зь міжнароднымі арганізацыямі і краінамі. Мне здаецца, што з Польшчай такія адносіны ўжо існуюць. Прайшла ўжо не адна сустрэча ў фармаце «Кабінэт — Кабінэт». Ёсьць нейкі кантакт з Радай Эўропы. Можна ўявіць, што з Эўразьвязам зьявіцца нейкае больш структурнае ўзаемадзеяньне. Цяпер Кабінэт мае сваё прадстаўніцтва ў Брусэлі, Таліне і Празе, але яго можна пашыраць. Зноў жа, гаворка пра рост міжнароднага прызнаньня. У гэтым трэку можна прыдумляць самыя розныя крэатыўныя рашэньні. Напрыклад, удзельнічаць у выпуску пашпартоў для беларусаў замежжа, дый увогуле браць больш актыўны ўдзел у жыцьці дыяспары.

Што тычыцца палітычнай барацьбы ўнутры краіны, то я ня бачу вялікіх пэрспэктываў да той пары, пакуль сытуацыя ў краіне ня зьменіцца пад ціскам зусім іншых фактараў, ніяк не зьвязаных зь дзейнасьцю Кабінэту. Напрыклад, вайны. Я скептычна стаўлюся да магчымасьці абрастаньня Кабінэту нейкімі сілавымі мускуламі. Харугвы ня сталі масавым рухам. Мы ня бачым прыкмет, што Кабінэт мае дастатковае фінансаваньне на падтрымку такой ініцыятывы. Мы бачым, што баявыя фармаваньні беларусаў ва Ўкраіне, як полк імя Кастуся Каліноўскага, ня вельмі імкнуцца аб’ядноўвацца з Кабінэтам. На сілавым трэку ўсё пакуль вельмі віртуальна. Гэта тычыцца і пляну «Перамога». Мы зможам зразумець, наколькі «Перамога» эфэктыўная, толькі тады, калі гэта пачне рэалізоўвацца.

— Ці працягне Кабінэт сваю працу?

— Думаю, так. Ён можа перафарматавацца нейкім чынам. Нейкія фігуры могуць зьяўляцца, нейкія сыходзіць. Але мне здаецца, што цяпер удзельнікам Кабінэту ёсьць большы стымул трымацца разам, чым разыходзіцца. Ня факт, што так будзе заўсёды, але ў дадзены момант усё выглядае менавіта так.

Хто ўваходзіць у Кабінэт па стане на 9 лютага 2023

  • Валер Кавалеўскі — намесьнік кіраўніцы і прадстаўнік у замежных справах. Нарадзіўся ў вёсцы Беражное Столінскага раёну. Скончыў аддзяленьне міжнародных адносін гістарычнага факультэту БДУ. Працаваў у Міністэрстве замежных спраў, у тым ліку ў амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне. У 2006 годзе пакінуў дзяржаўную службу, заняўся бізнэсам. Пасьля выбараў 2010 году перабраўся ў ЗША, дзе скончыў магістратуру ў Джорджтаўнскім унівэрсытэце. Працаваў на «Голасе Амэрыкі», а таксама ў Сусьветным банку. У канцы 2020 году далучыўся да каманды Сьвятланы Ціханоўскай.
  • Павал Латушка — намесьнік кіраўніцы і прадстаўнік у транзыце ўлады. Нарадзіўся ў Менску. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ і Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Працаваў у МЗС, займаў пасаду прэс-сакратара (2000–2002). Быў амбасадарам Беларусі ў Польшчы (2002–2008) і Францыі (2012–2019). Міністар культуры (2009–2012). У сакавіку 2019 году прызначаны дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. У жніўні 2020 году падтрымаў рух за справядлівыя выбары. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК).
  • Аляксандар Азараў — прадстаўнік у аднаўленьні правапарадку. Нарадзіўся ў Менску. Скончыў Інстытут правазнаўства, БДЭУ і Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Доўгі час працаваў у органах МУС. Ад 2008 да 2019 году працаваў у ГУБАЗіКу, у аддзеле па барацьбе з незаконнай міграцыяй, наёмніцтвам і рэлігійным экстрэмізмам. Пасьля звальненьня працаваў выкладчыкам у Акадэміі МУС. У 2020 годзе падтрымаў пратэсты. Стаў адным з заснавальнікаў аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol.
  • Валеры Сахашчык — прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы. Нарадзіўся ў вёсцы Гошава Дарагічынскага раёну. Скончыў Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Служыў у Забайкальскай вайсковай акрузе, а потым у ГДР. З 1999 да 2002 году ўзначальваў берасьцейскую 38-ю дэсантна-штурмавую брыгаду. Там меў мянушку «Чорны арол» — за вынахад сыстэмы выпрабаваньняў, каб атрымаць аднайменны знак. Разам зь сям’ёй займаецца будаўнічым бізнэсам у Польшчы. У 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Берасьці. У 2022 годзе ад моманту пачатку вайны выступіў з заклікам да беларускіх вайскоўцаў ня ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне. Падпалкоўнік, але быў пазбаўлены Лукашэнкам званьня.
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца ў нацыянальным адраджэньні. Нарадзілася ў Горадні, скончыла гістарычны факультэт ГорДУ, магістратуру Варшаўскага ўнівэрсытэту ў паліталёгіі і гісторыі. Цягам 15 гадоў працавала вядоўцай на тэлеканале «Белсат». Заснавальніца Цэнтру беларускай салідарнасьці ў Варшаве і Інбелкульту-2.
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях. У мінулым — кіраўніца арганізацыі «Радаслава», якая дапамагала ахвярам хатняга гвалту. У лістападзе 2021 году была затрыманая ў рамках крымінальнай справы паводле артыкула 342 КК «Арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У траўні 2022-га ёй прысудзілі тры гады «хатняй хіміі».
  • Усё яшчэ вакантная пасада прадстаўніка ў эканоміцы і фінансах. Яна вызвалілася пасьля адстаўкі Тацяны Зарэцкай.

Выніковая прэс-канфэрэнцыя пра шэсьць месяцаў дзейнасьці Кабінэту прызначаная на 14 лютага. У гэты ж дзень сваю прэс-канфэрэнцыю з удзелам журналістаў замежных СМІ зьбіраецца правесьці Аляксандар Лукашэнка.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG