Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошук «эліксіру неўміручасьці». Чаму Лукашэнка дазволіў «Белай Русі» стаць партыяй


Зьезд грамадзкага аб'яднаньня "Белая Русь", архіўнае фота
Зьезд грамадзкага аб'яднаньня "Белая Русь", архіўнае фота

Кароткі адказ: дзеля захаваньня сваёй палітычнай спадчыны пасьля непазьбежнага сыходу.

Пра гэта ў калёнцы на партале «Зеркало» піша Юры Дракахруст.

7 лютага грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» правяло ў Менску пасяджэньне аргкамітэту ў справе стварэньня палітычнай партыі. Гэтае грамадзкае абʼяднаньне, якое існуе з 2007 году, ужо шмат гадоў імкнулася трансфармавацца ў партыю. Аднак кожны раз адказам Аляксандра Лукашэнкі было катэгарычнае «не».

Прычынай таго, што Лукашэнка не дазваляў «Белай Русі» стаць партыяй, была ягоная палітычная філязофія, у межах якой ёсьць ён — лідэр, правадыр, «бацька» — і яго народ, яго «дзеці». У гэтай немудрагелістай схеме проста не было месца якім-небудзь пасярэднікам, іншым субʼектам палітыкі, хай і колькі заўгодна ляяльным. Як сказаў Лукашэнка на пачатку свайго прэзыдэнцтва — палітык у краіне толькі адзін.

Што ж цяпер зьмянілася? Час.

Расейскі палітоляг Аляксандар Баўноў у сваёй кнізе «Канец рэжыму. Як скончыліся тры эўрапейскія дыктатуры» прыводзіць дыялёг паміж гішпанскім дыктатарам Франсіска Франка і прызначаным ім пераемнікам, прынцам Хуанам Карлясам. Прынц запытаў каўдыльё, як трэба паступаць у нейкай палітычнай сытуацыі. Франка адказаў, што ягоныя парады суразмоўцу бескарысныя: «Вы ня зможаце кіраваць, як я. Да таго ж, калі вы будзеце кіраваць, Гішпанія стане зусім іншай».

Хуан Карляс і Франсіска Франка, 1969
Хуан Карляс і Франсіска Франка, 1969

Немалады Лукашэнка таксама гэта разумее. І ўзьнікае праблема — як забясьпечыць пераемнасьць, як зрабіць так, каб сыстэма, рэжым, створаныя ім, не абрынуліся, як картачны дамок.

А як гэта можа адбыцца — паказаў 2020 год. Ён, дарэчы, шмат чаго паказаў. Паказаў, што бюракратычная, чынавенская «вэртыкаль» — штука эфэктыўная, але ў сытуацыі вострага палітычнага супрацьстаяньня працуе толькі пры наяўнасьці моцнага валявога імпульсу зьверху. Самастойная палітычная матывацыя абараняць сябе ў «вэртыкалі» ня надта моцная.

Адсюль выснова — як ні шкада мяняць незямной прыгажосьці схему з «бацькам» і «дзецьмі», палітыкаў павінна стаць больш, чым адзін, для таго каб у будучыні захаваць рэжым. І пошук ідзе шляхам інстытуцыйнага будаўніцтва.

Дэкрэт аб перадачы ўлады Радзе бясьпекі ў выпадку гвалтоўнай сьмерці кіраўніка дзяржавы, надзяленьне шырокімі ўладнымі паўнамоцтвамі Ўсебеларускага народнага сходу, цяперашні дазвол «Белай Русі» трансфармавацца ў партыю — усё гэта элемэнты стварэньня такой «страховачнай сеткі» інстытутаў, якія забясьпечаць выжываньне сыстэмы пасьля сыходу яе архітэктара.

Варта адзначыць памылковасьць шматлікіх ацэнак, якія прыпадабняюць будучую партыю «Белая Русь» да КПСС. Для таго, каб аблаяць Лукашэнку разам зь «Белай Русьсю», гэта нядрэннае параўнаньне. Але, наагул кажучы, параўнаньне некарэктнае. КПСС была рэальным мэханізмам кіраваньня ў СССР, яна фактычна і была дзяржавай.

«Единая Россия» ў РФ, прапрэзыдэнцкія партыі, скажам, у Азэрбайджане і Казахстане мэханізмамі кіраваньня не зьяўляюцца. Ня будзе ім і партыя «Белая Русь». Акрамя ўсяго іншага — і таму, што ў «Белай Русі» няма і блізка нічога падобнага да камуністычнай ідэалёгіі, якая ў свае лепшыя часы натхняла людзей ва ўсім сьвеце — ад брытанскіх лордаў да дзікіх плямёнаў.

Рэжымы з важнай роляй дамінуючай партыі — гэта ня толькі аналягі савецкага, нацысцкага або фашысцкага. Вопыт згаданых постсавецкіх краін, досьвед Мэксыкі, дзе Інстытуцыйна-рэвалюцыйная партыя кіравала ў ХХ стагодзьдзі дзясяткі гадоў — гэта ўсё ў прынцыпе не КПСС. Гэта мэханізмы рэкрутацыі кіроўнай эліты, палітычнай мабілізацыі, перадачы ўлады, той самай «страховачнай сеткі», якая захоўвае рэжым і пасьля сыходу «бацькі народу». Такая функцыя гэтых партый, прынамсі ў ідэале.

Мяркуючы па ўсім, прыкладна такая ж роля падрыхтаваная і партыі «Белая Русь». Ізноў жа ў ідэале.

І нават у ідэале Лукашэнка наўрад ці хацеў бы (і змог бы, нават калі б хацеў) трансфармаваць сваю пэрсаналісцкую дыктатуру ў партыйную. Партыя «Белая Русь» як яшчэ адна інстытуцыйная «страховачная сетка» — так, КПСС — не.

Ці зможа «Белая Русь» выканаць падрыхтаваную ёй ролю — пытаньне складанае. У згаданым Азэрбайджане перадача ўлады ад Гейдара Аліева да Ільхама прайшла даволі гладка, у Казахстане транзыт улады адбыўся даволі бурна і нечакана. Аднак ні там, ні там прапрэзыдэнцкія партыі ў гэтых працэсах ніякай асаблівай ролі не выконвалі.

У той жа Гішпаніі пасьля Франка пераемнік дыктатара — кароль Хуан Карляс — і функцыянэр франкісцкай партыі «Фалянга» Адольфа Суарэс дружна і вельмі эфэктыўна ажыцьцявілі дэмантаж франкісцкага рэжыму і мірны пераход краіны да дэмакратыі. Гэта ня тое каб правіла, але бывае і так.

Экспэрымэнты Лукашэнкі з Радай бясьпекі, Усебеларускім народным сходам і партыяй «Белая Русь» — усё гэта вынік разуменьня таго, што пераемнікі ня змогуць кіраваць так, як ён. А як змогуць — толкам ня ведае ні ён, ні яны. Гарантый няма, але пошук палітычнага «эліксіру неўміручасьці» будзе працягвацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG