Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў заклікаў Тбілісі перастаць зводзіць палітычныя рахункі з Саакашвілі і перадаць яго Ўкраіне


Міхэіл Саакашвілі на відэасувязі з судом. Тбілісі, 6 лютага 2023
Міхэіл Саакашвілі на відэасувязі з судом. Тбілісі, 6 лютага 2023

Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што расчаравана рашэньнем Тбіліскага гарадзкога суду, які адхіліў хадайніцтва абароны грамадзяніна Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі аб адтэрмінаваньні і аб вызваленьні яго ад пакараньня ў сувязі зь цяжкім станам здароўя.

«Улада Грузіі павінна тэрмінова перастаць зводзіць палітычныя рахункі з украінскім грамадзянінам, гарантаваць выкананьне ягоных правоў і перадаць яго Ўкраіне. МЗС Украіны будзе працягваць абараняць інтарэсы грамадзяніна Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі, які павінен быць вызвалены», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.

Тбіліскі гарадзкі суд на пасяджэньні 6 лютага адмовіўся адтэрмінаваць Міхэілу Саакашвілі пакараньне або вызваліць яго ў сувязі зь цяжкім станам здароўя. Апроч таго, суд ня ўзяў да ўвагі заключэньне мэдыкаў аб цяжкасьці захворваньня Міхэіла Саакашвілі. Суд таксама адмовіў у дазволе вывезьці яго на лячэньне за мяжу.

Раней адвакаты Саакашвілі паведамлялі, што ён у рэанімацыі. Паплечнікі экс-прэзыдэнта лічаць, што яго ў турме атруцілі.

Міхэіла Саакашвілі ў 2021 годзе асудзілі на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў злосным перавышэньні службовых паўнамоцтваў. У траўні мінулага году здароўе палітыка пачало пагаршацца, з 12 траўня ён знаходзіцца ў прыватнай клініцы, застаючыся пры гэтым пад вартай.

30 студзеня прэсавы сакратар Саакашвілі Георгі Чаладзэ паведаміў, што яго перавялі ў аддзяленьне рэанімацыі, але дырэктарка клінікі не пацьвердзіла гэтую інфармацыю. Сябры сям’і і адвакаты дамагаліся вызваленьня Саакашвілі, каб вывезьці яго на лячэньне за мяжу.

Саакашвілі назваў рашэньне суду «сьмяротным прысудам», вынесеным у інтарэсах ягоных палітычных праціўнікаў.

Раней Саакашвілі заяўляў адвакатам, што яго «забіваюць у турме тымі ж мэтадамі, што і Сяргея Магніцкага», і нават «яшчэ больш вытанчана і публічна». Ён зьвярнуўся да вядомага фінансіста Ўільяма Браўдэра з просьбай дапамагчы мясцовым праваабарончым групам у стварэньні «новага „сьпісу Магніцкага“, не чакаючы сьмяротнага зыходу». Браўдэр паабяцаў спрыяць і папрасіў адвакатаў Саакашвілі выслаць яму сьпіс асобаў, якіх яны лічаць вінаватымі ў меркаваным атручваньні грузінскага палітыка. Ён заявіў, што перадасьць сьпіс заходнім урадам, каб тыя, магчыма, увялі санкцыі.

На пачатку студзеня ў Грузіі і яшчэ больш як у 20 краінах прайшлі акцыі ў падтрымку Саакашвілі. Удзельнікі акцый заклікалі вызваліць палітыка і даць яму магчымасьць прайсьці лячэньне ў ЭЗ. Некаторыя актывісты абвінавачвалі цяперашнія ўлады Грузіі ў тым, што яны дамагаюцца сьмерці Саакашвілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG