Пасьля Ўкраіны Рамзан Кадыраў прапанаваў «дэнацыфікаваць» Польшчу і змагацца там з «сатанізмам».
Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў прапанаваў усьлед за Ўкраінай «дэнацыфікаваць і дэсатанізаваць» Польшчу. Пра гэта ён напісаў у сваім Telegram-канале 6 лютага.
Пракрамлёўскі кіраўнік Чачэніі пракамэнтаваў намеры польскіх уладаў зьвярнуцца да ЗША з просьбай павялічыць пастаўкі зброі замест той, якую Польшча перадала Ўкраіне, і заявіў, што «палякі своечасова апамяталіся».
«У рамках падтрымкі Ўкраіны Варшава пасьпела вычарпаць уласныя вайсковыя рэсурсы, а цяпер у разгубленасьці: а што, калі пасьля пасьпяховага завяршэньня СВА („спэцыяльнай ваеннай апэрацыі“ — так у Расеі называюць вайну. — Рэд.) Расея пачне дэнацыфікацыю і дэмілітарызацыю наступнай краіны? Бо Польшча на карце пасьля Ўкраіны», — напісаў Кадыраў. Пасьля гэтага ён дадаў, што «неаднаразова заяўляў, што барацьба з сатанізмам павінна працягвацца ва ўсёй Эўропе і, перш за ўсё, на тэрыторыі Польшчы».
Кадыраў таксама адзначыў, што Расея «можа аказаць арганізацыйную дапамогу» ў правядзеньні рэфэрэндуму ў Сылезіі, паколькі гэты рэгіён Польшчы, на яго думку, «заслужыў асаблівы незалежны статус і рэфэрэндум там вельмі неабходны».
Упершыню расейская прапаганда загаварыла аб «дэсатанізацыі» Ўкраіны восеньню мінулага года. У той час у расейскіх дзяржаўных СМІ пачаў распаўсюджвацца наратыў, што Расея — апошні бастыён праўдзівай веры ў сьвеце, які памірае ад граху, і хоча сілай выратаваць народ Украіны. Рамзан Кадыраў стаў адным з рупарам «дэсатанізацыі».
У пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну расейскія ўлады заяўлялі, што «спэцапэрацыя» была накіраваная на «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю».