Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавана расьсьледаваньне подкупу Расеяй палітыкаў у ЭЗ для прызнаньня анэксіі Крыму і спыненьня санкцыяў

Пратэсты ў Расеі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Пратэсты ў Расеі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

За ініцыяваньне прарасейскіх рэзалюцыяў у парлямэнтах сваіх краін эўрапейскія дэпутаты маглі атрымліваць ад 20 тысяч эўра, сьцьвярджаецца ў сумесным расьсьледаваньні «Важных историй», Eesti Ekspress, OCCRP, IRPI і Profil.

Расьсьледнікі вывучылі працёкі з паштовай скрыні супрацоўніка апарату расейскай Думы Саргіса Мірзаханяна, які каардынаваў працу з эўрапейскімі палітыкамі. Мірзаханян арганізоўваў замоўленыя публікацыі ва ўкраінскіх і расейскіх мэдыях, наймаў блогераў, ладзіў прарасейскія мітынгі, а таксама завязаў адносіны з палітыкамі адразу некалькіх краін Эўропы.

Гэта рабілася ў тым ліку для прасоўваньня прарасейскага парадку дня ў парлямэнтах эўрапейскіх краін. У красавіку 2016 году ў раду італьянскага рэгіёну Вэнэта ўнесьлі праект рэзалюцыі аб прызнаньні Крыму расейскім і скасаваньні санкцыяў, ініцыяваў пытаньне дэпутат Стэфана Вальдэгамбэры. За дакумэнт тады прагаласавалі 27 дэпутатаў рады Вэнэта.

У чэрвені 2016 году Мірзаханян пісаў ужо пра «плян дзеяньняў» пад назвай «Рэзалюцыі ў Аўстрыі і Італіі». У лісьце пазначана, што цяпер рэзалюцыю будуць уносіць у Сэнат Італіі і гэта будзе рабіць калега Вальдэгамбэры па правай партыі «Ліга Поўначы» сэнатар Паолё Тасата, сьцьвярджаюць расьсьледнікі.

«У канцы дакумэнту ў разьдзеле „каштарыс“ гаворыцца: „20000 EUR + 20000 EUR (унясеньне), у выпадку пасьпяховага галасаваньня +15 000 EUR у кожным выпадку“. Празь некалькі дзён Тасата сапраўды ўнёс у парлямэнт праект рэзалюцыі — італьянскі сэнат адхіліў яго 27 чэрвеня», — гаворыцца ў матэрыяле.

У тым жа дакумэнце, як сьцьвярджаецца, указаны каштарыс на ўнясеньне аналягічнай рэзалюцыі і ў аўстрыйскі парлямэнт: «20000 EUR, у выпадку пасьпяховага галасаваньня +15 000 EUR». І выканаўца — дэпутат Яганэс Гюбнэр з Аўстрыйскай партыі свабоды. У чэрвені 2016 году Гюбнэр сапраўды ўнёс такую рэзалюцыю, але большасьць дэпутатаў яе не падтрымалі.

Расьсьледнікі знайшлі ў пошце Мірзаханяна аналягічныя «пляны дзеяньняў» для Латвіі, Грэцыі і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ). Аднак самым пасьпяховым праектам крамлёўскіх паліттэхнолягаў, як адзначаецца, стаў Кіпр, дзе ў ліпені 2016 году парлямэнт усё ж такі падтрымаў аналягічную рэзалюцыю.

XS
SM
MD
LG