Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шмат каму не падабаўся, гадзінамі спрачаўся з адміністрацыяй СІЗА». Расказваем пра адваката Віталя Брагінца, які атрымаў 8 гадоў калёніі


Віталь Брагінец, архіўнае фота
Віталь Брагінец, архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд 2 лютага вынес прысуд у справе адваката і юрыста Віталя Брагінца. Асудзілі на 8 гадоў калёніі.

Брагінца абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»,
  • «Арганізацыя ці ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»,
  • «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»,
  • а таксама «Распальваньне варожасьці».

Віталь Брагінец быў адвакатам у многіх палітвязьняў, у тым ліку ў нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, таксама абараняў інтарэсы свайго калегі Андрэя Мачалава. Затрымалі Брагінца 23 траўня.

Былыя калегі Віталя ў камэнтары Свабодзе кажуць, што гэта прысуд ня толькі пэрсанальна Брагінцу, але і ўсёй адвакатуры.

«Дабіваўся, каб пускалі ў СІЗА без дазволу сьледчага»

Вядомы адвакат і юрыст Сяргей Зікрацкі зь Віталём Брагінцам добра знаёмы. Іхныя офісы былі ў адным будынку і на адным паверсе на вуліцы Берута ў Менску. У працэсах Зікрацкі і Брагінец перасякаліся двойчы: раз па адзін бок, раз на супрацьлеглых.

«Заўсёды Віталь паказваў высокі ўзровень юрыдычнага майстэрства. Брагінец прыдумляў неардынарныя канструкцыі і падыходы», — кажа Зікрацкі.

Сяргей Зікрацкі
Сяргей Зікрацкі

Але найбольш калега цаніў тое, як Віталь клапаціўся пра сваіх калегаў і як шмат для іх рабіў.

«Мяне зачапіла, як ён ставіўся да адвакатуры. У яго было заўжды жаданьне нешта зьмяніць да лепшага. Ён ніколі не пагаджаўся з тым, што парушаюцца правы адвакатаў. Існуе негалосная норма: каб трапіць да падабароннага ў СІЗА, трэба атрымаць дазвол сьледчага. І адвакаты ішлі па гэты дазвол, бо такая была традыцыя. Але ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе такой нормы няма! Віталь мог тры гадзіны спрачацца з адміністрацыяй СІЗА, каб яго пусьцілі бяз гэтага дазволу. І вельмі часта ён свайго дабіваўся. Пасьля гэтага казаў іншым адвакатам, каб усе рабілі гэтак жа».

Тое ж самае Віталь Брагінец праварочваў, калі яго не пускалі ў будынкі Сьледчага камітэту ці ДФР з мабільным тэлефонам ці ноўтбукам. У законе «Аб адвакатуры» запісана, што адвакат мае права карыстацца тэхнічнымі сродкамі, але сілавікі не давалі гэтага рабіць.

«Гэта два яскравыя прыклады, а такога было безьліч. Ён не пагаджаўся зь бюракратыяй у адвакатуры, прапаноўваў шляхі рашэньня. Віталь ішоў да кіраўніцтва адвакатуры, спрабаваў іх пераканаць. Ён зрабіў у тэлеграме групы адвакатаў, якія хадзілі ў СІЗА КДБ, а таксама ў Жодзіна. Гэта дапамагала адвакатам даведацца, ці ёсьць чэргі там, шмат якія яшчэ моманты. Усе былі яму вельмі ўдзячныя», — расказвае Зікрацкі.

«Ён сачыў за кожнай літарай закону»

Іншая калега Брагінца, адвакатка Лізавета Мацьвеева (абараняла Ўладзімера Мацкевіча, Генадзя Мажэйку, Ірыну Слаўнікаву) кажа, што Віталь быў сапраўдным адвакатам у поўным значэньні гэтага слова.

«Ён сачыў за кожнай літарай закону. Вельмі моцна выступаў супраць, калі закон трактавалі няправільна, надавалі яму іншыя сэнсы, ускладнялі працэсы непатрэбнымі працэдурамі. Ён не гатовы быў закрываць вочы на многія недахопы».

Адвакат Брагінец заўсёды выкарыстоўваў усе магчымасьці, якія даваў закон, таму ён часта пісаў скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі.

«У гэтым сьвятле абвінавачаньне ў „распальваньні варожасьці“ мне цяжка ўявіць. Якое ж менавіта выказваньне магло быць так ацэнена? Віталь — чалавек зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі, ён не выкарыстоўваў нецэнзурнай лексыкі, а таксама непрымальных выказваньняў пра групы людзей», — кажа Мацьвеева.

Яна таксама падкрэсьлівае, што Брагінец ніколі не пагаджаўся зь нейкімі новаўвядзеньнямі, а прапаноўваў вырашаць праблемы. Напрыклад, калі людзей пачалі судзіць проста ў будынку СІЗА, або з кліентам было немагчыма паразмаўляць да пачатку працэсу.

«Мы часам былі ашаломленыя, што гэта яшчэ ня дно і прыдумляюць усё новае і новае. Віталь жа прапаноўваў рэагаваць на парушэньні законаў і кодэксаў. Шмат каму не падабалася, што ў працэсах удзельнічаў Брагінец, бо гэта доўга, бо гэта трэба па законе, прасьцей даць пятнаццаць сутак за пяць хвілін і перайсьці да наступнай справы».

Лізавета Мацьвеева шчыра прызнаецца, што плакала, калі пачула аб прысудзе калегу, хоць разумела, што тэрмін будзе вялікі.

Па-за працай захапленьнем Віталя было вырошчваньне хатніх расьлін.

«У Віталя так шмат часу сыходзіла на працу, што вольнага часу амаль не было. Я ведаю, што ён вельмі любіў займацца пакаёвымі кветкамі. Памятаю, што ў яго прарасьлі авакада і мандарын, ён гэтым ганарыўся. У яго кватэра зь вялікім гаўбцом, то ён іх летам туды выносіў, на зіму зноў заносіў у кватэру».

«Прысуд — гэта ахаладжальны эфэкт»

Сяргей Зікрацкі перакананы, што ніводзін адвакат не зрабіў так шмат менавіта для адвакатаў і ўмоваў іх працы, як Віталь Брагінец.

«Кліенты таксама могуць расказаць, як Віталь выкладаўся на працэсах. Ён вельмі прынцыповы, ніколі не спыняўся. І я лічу, што за гэтую прынцыповасьць яго і затрымалі. Разглядаю гэты прысуд як прысуд усім адвакатам. На жаль, ахвярай абралі менавіта Віталя. Гэта мэсыдж да адвакатаў: калі вы будзеце паводзіцца, як Брагінец, то вас чакае такі ж лёс», — лічыць Зікрацкі.

Суразмоўца Свабоды падкрэсьлівае, што інстытуту незалежнай адвакатуры ў Беларусі не засталося.

«Адвакатура сёньня — гэта філіял Міністэрства юстыцыі. Але яшчэ ёсьць адвакаты, якія працуюць сумленна. На жаль, іх становіцца ўсё меней. Іх выключаюць з калегіі, некаторыя сыходзяць самі, а частка баіцца займацца справамі. Прысуд Віталю — гэта ахаладжальны эфэкт. Прысуд будзе мець наступствы для кліентаў, усё менш адвакатаў будуць згодныя абараняць кліентаў і выконваць свае абавязкі на ўсе сто», — лічыць Сяргей Зікрацкі.

На ягоную думку, гэта будзе тычыцца ня толькі палітычных спраў, але і бытавых.

«Калі закон не працуе, то павагі да яго няма ў любой сфэры. Калі адвакат не абараняе кліента ў палітычных справах, то ён расхалоджваецца і ня будзе абараняць у іншых справах. Я шмат размаўляю з адвакатамі і юрыстамі зь Беларусі і бачу, што ёсьць глябальнае расчараваньне ў праве. І гэта вельмі балюча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG