Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эмэрсан Мнангагва назваў Лукашэнку братам. Што піша прэса Зымбабвэ пра візыт дэлегацыі зь Менску


Аляксандар Лукашэнка і Эмэрсан Мнангагва на сустрэчы ў Харарэ
Аляксандар Лукашэнка і Эмэрсан Мнангагва на сустрэчы ў Харарэ

Аўтарытарны кіраўнік Зымбабвэ спадзяецца на плённую супрацу з афіцыйным Менскам: «Я вельмі шчасьлівы зь першага дня, калі сустрэўся з маім братам Лукашэнкам».

Першага лютага завяршаецца дзяржаўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Зымбабвэ — першы ў ягонай палітычнай кар’еры на поўдзень Афрыкі. Як піша выданьне New Zimbabwe, Эмэрсан Мнангагва сказаў шэраг камплімэнтарных словаў свайму беларускаму госьцю. Ён спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаў.

«Мы будзем вітаць Беларусь і любую іншую краіну, якая захоча кантактаў з намі, але ня ў ролях каня і вершніка, няважна, коні мы альбо вершнікі.

Вось як мы глядзім на адносіны, і я вельмі шчасьлівы, што зь першага дня, калі я сустрэўся з маім братам Лукашэнкам, у нас падобная „хімія“ ў пляне таго, як разьвіваць нашы краіны на аснове нашых унутраных рэсурсаў, а таксама супрацоўніцтва з краінамі, якія ня маюць намераў дамінаваць над намі. Гэта Зымбабвэ, і гэта наша філязофія», — сказаў 80-гадовы кіраўнік афрыканскай дзяржавы.

Лукашэнка таксама назваў зымбабвійцаў братамі, адзначыўшы, што будучыня плянэты ўва многім залежыць ад Афрыкі.

«Я хацеў бы падкрэсьліць, што, прыходзячы ў Афрыку, мы прыносім мір, навуку і тэхналёгіі, мы не выкарыстоўваем каляніяльнага стылю, мы тут не для гэтага, а для таго, каб падрыхтаваць спэцыялістаў, якія дапамогуць вам дамагчыся прагрэсу вашай эканомікі, і майце гэта на ўвазе, калі збалянсуеце цану і якасьць тавараў».

Таксама выданьне, якое раней пісала пра скандалы, што суправаджаюць беларуска-зымбабвійскія дачыненьні, адзначыла, што Мнангагва і Лукашэнка дамовіліся адкрыць свае амбасады ў краінах. Летась у ліпені беларуская амбасада паўстала ў Харарэ, значыць, наперадзе адкрыцьцё амбасады Зымбабвэ ў Менску.

Выданьне Africanews.com, апісваючы візыт Лукашэнкі ў Харарэ, нагадала аб тым, што ў 2021 годзе кансорцыюм журналістаў-расьсьледнікаў Арганізаванай злачыннасьці і карупцыі (OCCRP) раскрыў сувязі паміж сям’ёй Лукашэнкі і золатаздабыўным прадпрыемствам у Зымбабвэ.

Урачыстая сустрэча Лукашэнкі ў аэрапорце
Урачыстая сустрэча Лукашэнкі ў аэрапорце
Аляксандар Лукашэнка ў Зымбабвэ
Аляксандар Лукашэнка ў Зымбабвэ

1 лютага — апошні дзень візыту Лукашэнкі ў Зымбабвэ. Ён наведвае вадаспад Вікторыя і кракадзілавую фэрму. Прэс-служба ўжо апублікавала фота, дзе Лукашэнка трымае свайго белага шпіца і стаіць побач з Мнангагвам на фоне зымбабвійскіх краявідаў. За дзень да гэтага Лукашэнка падарыў Мнангагву трактар для сваёй гаспадаркі, а ў адказ атрымаў чучала льва.

Зымбабвэ трапіла ў топ-30 самых карумпаваных дзяржаў на Зямлі, які складае арганізацыя Transparency International. Зымбабвэ ў сьвежым рэйтынгу займае 157-ю пазыцыю сярод 180 краін, маючы такі ж самы ўзровень карупцыі, як, напрыклад, Азэрбайджан. Беларусь на 91-й пазыцыі, паміж Тунісам і Калюмбіяй з Малдовай.

На міжнародным узроўні і Эмэрсан Мнангагва, і Аляксандар Лукашэнка лічацца дыктатарамі, супраць дзяржаў дзейнічаюць міжнародныя санкцыі, эфэктыўнасьць якіх для дэмакратычных пераменаў часам падвяргаецца сумневам праз тое, што абодва рэжымы шукаюць і знаходзяць спосабы абыходу абмежаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG