Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 29 студзеня асудзіў спробы Міжнароднага алімпійскага камітэту даць асобным расейскім спартоўцам права ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях.
Камэнтуючы чарговыя расейскія абстрэлы Херсона ў нядзелю, кіраўнік украінскай дзяржавы сказаў, што на тле такіх удараў «нават шакуе, што даводзіцца пераконваць міжнародных спартовых бюракратаў адмовіцца ад якой-небудзь падтрымкі дзяржавы-тэрарысткі».
«Спробы Міжнароднага алімпійскага камітэту вярнуць расейскіх спартоўцаў на спаборніцтвы і Алімпійскія гульні — гэта спроба сказаць усяму сьвету, што тэрор можа быць нечым прымальным. Быццам можна заплюшчыць вочы на тое, што Расея робіць з Херсонам, Харкавам, Бахмутам і Аўдзееўкай. Сёньня накіраваў ліст спадару прэзыдэнту Макрону якраз з гэтай нагоды і ў працяг нашай зь ім размовы, якая адбылася 24 студзеня», — сказаў Зяленскі.
Ён заклікаў арганізатараў парыскай Алімпіяды не дазволіць Расеі выкарыстоўваць «яе ці любую іншую міжнародную спартовую падзею для прапаганды агрэсіі або свайго дзяржаўнага шавінізму».
25 студзеня Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі дапусьціць расейскіх і беларускіх спартоўцаў на спаборніцтвы ў нэўтральным статусе, калі яны выконваюць пэўныя ўмовы.
У МАК адзначылі, што «ніводнаму спартоўцу нельга перашкаджаць удзельнічаць у спаборніцтвах толькі за ягоны пашпарт».
Алімпійскі камітэт Азіі 26 студзеня таксама выказаўся за аслабленьне санкцыяў супраць расейскіх і беларускіх спартоўцаў.
У Алімпійскім камітэце Расеі раскрытыкавалі прапановы МАК. Там назвалі новую прапанову «спробай зрабіць крок у бок спартоўцаў», якая ў той жа час зьяўляецца «двума крокамі ў супрацьлеглым кірунку».
У лютым 2022 году, пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну, МАК рэкамэндаваў міжнародным спартовым фэдэрацыям не дапускаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў.
Тады ж МАК запатрабаваў ад спартовых арганізацый па ўсім сьвеце адмовіцца ад правядзеньня спаборніцтваў у Расеі і Беларусі і не дэманстраваць іх сьцягоў. У сьнежні 2022 года арганізацыя пакінула гэтыя абмежаваньні ў сіле.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.