Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны кабінэт: «Калі рыхтавалі візыт у Варшаву, мелі інфармацыю, што ёсьць апазыцыя да прамовы Ціханоўскай, беларускага сьцяга і вянка»


Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

Прадстаўнік Аб’яднанага кабінэту ў міжнароднай палітыцы пацьвердзіў, што фармат сьвяткаваньняў 160-годзьдзя пачатку паўстаньня Каліноўскага зьмянілі, каб не дапусьціць выступленьня Ціханоўскай. Пры гэтым ён не ўдакладніў, хто менавіта выступіў супраць удзелу беларусаў.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі пракамэнтаваў «Белсату» зьвесткі пра тое, што Ўкраіна блякуе ўдзел Сьвятланы Ціханоўскай у супольных з эўрапейцамі мерапрыемствах.

Паводле крыніц «Нашай Нівы», праз украінскі бок адбылася адмова ад запрашэньня Ціханоўскай на сёлетні саміт Люблінскага трохкутніка, а таксама зьмяніўся фармат урачыстасьцяў у Варшаве з нагоды 160-годзьдзя пачатку паўстаньня Каліноўскага: Ціханоўскай не далі слова, не было вянка ад Беларусі.

Валер Кавалеўскі пацьвердзіў, што сцэнар цырымоніі ў Варшаве сапраўды зьмянілі.

«Калі мы рыхтавалі візыт, то ў нас была інфармацыя пра тое, што ёсьць апазыцыя да прамовы Сьвятланы Ціханоўскай, прысутнасьці беларускага сьцяга і прысутнасьці беларускага вянка. Было відавочна, што зьмянілі сцэнар, які плянаваўся спачатку».

Кавалеўскі пры гэтым не ўдакладніў, хто выступіў супраць прамовы Ціханоўскай, але адзначыў, што важны і такі фармат ейнага ўдзелу ва ўрачыстасьцях.

«Было важна прысутнічаць у гэтым месцы, якое тычыцца гісторыі Беларусі. І там прысутнічала Сьвятлана Ціханоўская, Аб’яднаны пераходны кабінэт, і там было вельмі шмат беларусаў, што было самае каштоўнае і важнае. Важна, што на мерапрыемстве былі беларускія сьцягі, іх было болей за ўсіх. Пасьля беларускі вянок прынесла беларуская дыяспара. То бок усё-ткі праўда знайшла сабе дарогу», — сказаў дыплямат.

Пасьля цырымоніі ён выказаў амбасадару Ўкраіны ў Польшчы пратэст праз тое, што Ўладзімір Зяленскі не згадаў Беларусь у заяве, прысьвечанай паўстаньню Каліноўскага.

«Я зьвярнуў увагу на недарэчнасьць таго, што адсутнічала згадваньне беларусаў — фактычна асноўнай сілы ў гэтым паўстаньні. Спадар амбасадар прыняў гэтую інфармацыю, заўвагі ён ніяк не пракамэнтаваў. Як прафэсійны дыплямат ён гэтую інфармацыю давядзе да Кіева, да свайго МЗС. Дый грамадзкая рэакцыя досыць выразная. На гэтым этапе гэта больш чым дастаткова і заўважна для ўкраінскага боку».

Пры гэтым такія падзеі ніяк не паўплываюць на падтрымку беларусамі Ўкраіны ў вайне з Расеяй, адзначыў Кавалеўскі.

У ЭЗ не пацьвярджаюць інфармацыю

Інфармацыю пра блякаваньне Ўкраінай беларускіх дэлегацый таксама пракамэнтавалі ў ЭЗ. Афіцыйны прадстаўнік замежнапалітычнай службы Эўразьвязу Пэтэр Стана назваў такія зьвесткі «чуткамі».

«Мы не камэнтуем здагадак і чутак у мэдыя. У нас ёсьць рэгулярныя ўзаемадзеяньні з нашымі беларускімі партнэрамі, у тым ліку са спадарыняй Сьвятланай», — заявіў Пэтэр Стана «Белсату».

Ніхто зь іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама не пацьвердзіў інфармацыі пра тое, што Ўкраіна выступіла супраць удзелу беларускай дэлегацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG