Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зварот Зяленскага паказалі па тэлевізіі ў Расеі і ў анэксаваным Крыме


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Відэазварот прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага 25 студзеня апынуўся ў тэлевізійным этэры ў Белгарадзкай вобласьці Расеі, а таксама ў Краснадарскім краі, анэксаваным Крыме і Сэвастопалі.

Пра гэта паведамляюць мясцовыя тэлеграм-каналы. Па словах відавочцаў, выступ Зяленскага зьявіўся на экранах замест звычайнай праграмы расейскіх тэлеканалаў, прыкладам, СТС і ТНТ.

Мяркуючы па відэазапісах, трансьляваўся звычайны зварот прэзыдэнта да суграмадзян на ўкраінскай мове безь перакладу на расейскую. Сыгнал пэрыядычна зьнікаў і аднаўляўся.

Дарадца кіраўніка Крыму ў інфармацыйнай палітыцы Алег Кручкоў патлумачыў зьяўленьне ўкраінскага прэзыдэнта ў этэры ўзломам, учыненым пры падтрымцы ЗША. «Амэрыканцы яшчэ ў пачатку спэцапэрацыі далі ўкраінскім спэцслужбам доступ да ўсіх праграмных кодаў самых распаўсюджаных „вяшчалак“, празь якія вяшчаюць у інтэрнэце тэлеканалы. Кабэльныя апэратары часта бяруць сыгнал зь сеткі. Калі дрэнна на фронце, украінцы ламаюць інтэрнэт-вяшчаньне», — цытуе камэнтар Кручкова агенцтва РБК. Белгарадзкія ўлады паведамілі пра несанкцыянаваную падмену сыгналу са спадарожніка.

Уладзімір Зяленскі з пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну кожны вечар выступае па ўкраінскай тэлевізіі са зваротам да народу, інфармуючы грамадзян пра становішча на франтах і ў тыле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG