Зяленскі зьняпраўдзіў словы Лукашэнкі пра «пакт аб ненападзе»

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Раніцай 24 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Кіеў прапанаваў Менску заключыць «пакт аб ненападзе». Прэзыдэнт Украіны адрэагаваў на гэтыя словы.

Кіраўнік украінскай дзяржавы пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі аб прапанове падпісаць з Украінай «пакт аб ненападзе». Яго цытуе УНІАН.

«Вы чуеце ўсё, што афіцыйна прапануе Ўкраіна. Мы не зьбіраліся і не зьбіраемся нападаць на Беларусь. Такіх намераў няма», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Палітык яшчэ раз выказаў перакананасьць у тым, што большасьць беларускіх вайскоўцаў ня хоча наступаць на Ўкраіну са зброяй, як і большасьць насельніцтва самой краіны.

Ён дадаў, што Ўкраіна будзе зьдзіўленая, калі на гэтым кірунку адбудзецца наступ беларускіх войскаў.

«Што тычыцца расейскіх войскаў, якія сёньня могуць апынуцца на любой тэрыторыі любой дзяржавы, бо яны лічаць, што ў іх ёсьць такі, разумееце, „вайсковы шэнген“, і таму, як мне здаецца, усё залежыць ад павагі насельніцтва любой дзяржавы да сваёй дзяржавы, а таксама павагі кіраўніцтва той ці іншай дзяржавы, якое можа не дапускаць вайскоўцаў, узброеных людзей на сваю незалежную тэрыторыю».

Падчас нарады па грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі 24 студзеня Лукашэнка заявіў, што Кіеў прапанаваў Менску заключыць пакт аб ненападзе, пры тым, што ва Ўкраіне нібыта рыхтуюць «баевікоў і экстрэмістаў».

«Ня ведаю, навошта гэта ўкраінцам. З аднаго боку, просяць нас, каб мы ні ў якім разе не ваявалі з Украінай, каб нашыя войскі туды ня рухаліся. Пакт аб ненападзе прапануюць заключыць. А зь іншага боку, рыхтуюць гэтую грымучую сумесь і ўзбройваюць іх. Польшча, Літва ўвогуле ачмурэлі. Нашто гэта ім трэба? Незразумела. Таму мы вымушаныя жорстка рэагаваць».

​
XS
SM
MD
LG