У Рамштайне вырашаюць пытаньне вайсковай дапамогі Кіеву. У чым інтрыга?

Нямецкі танк Leopard 2
Нямецкі танк Leopard 2

На амэрыканскай базе ВПС Рамштайн у Нямеччыне 20 студзеня пачалася сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў — удзельніц Кантактнай групы для абароны Ўкраіны, ужо восьмая ў такім фармаце.

Як паведамляе Deutsche Welle, чакаецца, што яе галоўнай тэмай стануць пастаўкі Кіеву нямецкіх баявых танкаў Leopard 2. Такія пастаўкі магчымыя толькі са згоды Нямеччыны, у якой вырабляюць гэтую тэхніку, але Бэрлін згоды па-ранейшаму не дае.

Напярэдадні сустрэчы Польшча дала зразумець, што можа даць Украіне танкі Leopard 2 і без дазволу Нямеччыны. Калі ў Рамштайне «будзе моцны супраціў, мы будзем гатовыя прыняць нават такія нестандартныя меры», — папярэдзіў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі.

Тым часам нядаўна прызначаны міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс вечарам 19 студзеня заявіў, што канчатковая пазыцыя Бэрліну высьветліцца «ў бліжэйшыя гадзіны» альбо раніцай 20 студзеня.

Раней газэта The Wall Street Journal з спасылкай на высокапастаўленых нямецкіх службоўцаў паведаміла, што Нямеччына не дазволіць хаўрусьнікам адпраўляць танкі Leopard нямецкай вытворчасьці ва Ўкраіну, пакуль ЗША не пагодзяцца адправіць амэрыканскія танкі Abrams. Аднак намесьнік міністра абароны ЗША Колін Каль заявіў, што Вашынгтон пакуль не гатовы пайсьці на такі крок.

На сустрэчы «Рамштайн-8», як чакаецца, саюзьнікі маюць намер дамовіцца аб новым шматмільярдным пакеце вайсковай дапамогі для Украіны. У той жа час экспэрты адзначаюць, што гэтая сустрэча будзе расцэненая як правал, калі ня ўдасца дамовіцца аб пастаўках Кіеву баявых танкаў, піша Deutsche Welle.

​
XS
SM
MD
LG