Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Кітая паведамілі пра сьмерць амаль 60 тысяч чалавек праз COVID-19 з пачатку сьнежня


Улады Кітая заявілі пра амаль 60 тысяч памерлых у сувязі з COVID-19 з пачатку сьнежня, калі ў краіне аслабілі каранавірусныя абмежаваньні, паведамляе агенцтва Reuters.

Нацыянальная камісія аховы здароўя Кітая сьцьвярджае, што з 8 сьнежня па 12 студзеня ад прычын, зьвязаных з COVID-19, загінулі 59 938 чалавек. 5503 выпадкаў сьмерці былі выкліканыя дыхальнай недастатковасьцю з прычыны каранавіруснай інфэкцыі, астатнія — праз спалучэньне каранавіруснай інфэкцыі і іншых захворваньняў. Пры гэтым кітайскія экспэрты сьцьвярджаюць, што пік распаўсюджваньня захворваньня ў краіне, мяркуючы па ўсім, пройдзены.

Раней улады Кітая паведамлялі, што ад пачатку пандэміі ў краіне памерлі каля 5 тысяч чалавек, а за сьнежань было зарэгістравана менш за 10 выпадкаў сьмерці. На гэтым тыдні Сусьветная арганізацыя аховы здароўя абвінаваціла ўлады краіны ў заніжэньні колькасьці сьмерцяў.

У канцы сьнежня брытанская аналітычная кампанія Airfinity падлічыла, што ў Кітаі ад каранавіруснай інфэкцыі, імаверна, паміраюць каля 9 тысяч чалавек за дзень. Неўзабаве Bloomberg паведаміла, што праз успышку COVID-19 крэматорыі па ўсёй краіне апынуліся перапоўненымі.

Рэзкі рост захворваньня на каранавірусную інфэкцыю пачаўся ў Кітаі ў пачатку сьнежня, неўзабаве пасьля таго, як у краіне прынялі рашэньне аслабіць карантынныя меры. Гэтаму папярэднічалі шырокія грамадзкія пратэсты супраць прынятай кітайскімі ўладамі палітыкі «нулявой цярпімасьці» да COVID-19, якая палягала ў жорсткіх лакдаўнах у маштабах цэлых гарадоў і пагалоўным тэставаньні насельніцтва.

Як толькі меры аслабілі, у Кітаі рэзка вырасла колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19. На думку эпідэміёлягаў, праз палітыку татальнай ізаляцыі хворых большасьць жыхароў Кітая не змаглі выпрацаваць імунітэт да каранавірусу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG