Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ — 10 000, ахова Лукашэнкі — больш за 1000. Колькі людзей працуе ў розных спэцслужбах Беларусі


Аляксандар Лукашэнка і сілавікі. Каляж
Аляксандар Лукашэнка і сілавікі. Каляж

У КДБ працуюць 10 тысяч чалавек. Такую інфармацыю агучыў расейскі часопіс «Разведчик». Глядзім, колькі супрацоўнікаў у розных спэцслужбах Беларусі.

10 тысяч чалавек — столькі працуе ў беларускім КДБ, паводле зьвестак расейскага выданьня «Разведчик». Гэта часопіс службы зьнешняй выведкі Расеі. Пры гэтым беларускія афіцыйныя крыніцы колькасьць супрацоўнікаў КДБ ніколі не агучвалі. Расейцы ў сваёй публікацыі таксама не называюць крыніцу зьвестак.

Параўноўваем лічбу ў 10 тысяч з тым, што вядома пра колькасьць супрацоўнікаў іншых сілавых ведамстваў Беларусі.

МУС

Публічна ніхто з чыноўнікаў у Беларусі не агучваў колькасны склад сыстэмы МУС. Ініцыятыва былых сілавікоў ByPol па дадзеных на 1 кастрычніка 2020 году называла лічбу ў 46 128 атэставаных супрацоўнікаў.

У сыстэму МУС уваходзяць таксама і ўнутраныя войскі, іх колькасьць — 11 тысяч чалавек.

Войска

Убеларускім войску 65 тысяч чалавек, зь іх 45 тысяч — ваеннаслужачыя. Армія не дасягнула свайго ліміту і можа быць павялічаная да 100 тысяч. Вайсковая рэзэрва ў Беларусі налічвае 289 500 чалавек, столькі тэарэтычна могуць дадаць да войска ў выпадку абвяшчэньня мабілізацыі.

ААЦ

Апэратыўна-аналітычны цэнтар у Беларусі — адна з самых закрытых сілавых структураў. Яна кантралюе ўвесь інтэрнэт-трафік, мае доступ да тэлефонных базаў мабільных апэратараў. У 2013 годзе Лукашэнка казаў, што ў ААЦ працуе «ня больш за 100 чалавек».

Аднак у тым жа 2013 годзе ААЦ разьмяшчаў тэндэр на закуп 250 гальштукаў, значыць, супрацоўнікаў у структуры ўсё ж болей за агучаныя Лукашэнкам лічбы.

Служба бясьпекі Лукашэнкі

Гэтая спэцслужба займаецца аховай Лукашэнкі і ягонай сям’і. Афіцыйна ніхто не агучваў колькасьць супрацоўнікаў гэтай спэцслужбы. У жніўні мінулага году «Кібэрпартызаны» апублікавалі імёны 1083 супрацоўнікаў службы бясьпекі Лукашэнкі.

Памежны камітэт

Згодна з дадзенымі на 2017 год, у Памежны камітэт уваходзілі 12 тысяч чалавек. Ён ахоўвае мяжу і сочыць за яе перасячэньнем. Пачынаючы з 2021 году супрацоўнікаў Памежнага камітэту Беларусі іх калегі зь літоўскага і польскага ведамстваў рэгулярна абвінавачваюць у садзейнічаньні мігранцкаму крызісу на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG