Як інфармуе агенцтва DPA, Нямеччына таксама перадасьць Украіне зэнітную батарэю Patriot для супрацьпаветранай абароны. Рашэньне было прынята пасьля таго, як у сьнежні Вашынгтон паабяцаў Кіеву такую сыстэму. Таксама гаворка ідзе пра баявыя машыны пяхоты Marder, распрацаваныя для бундэсвэру больш за 50 гадоў таму. У Бэрліне не ўдакладняюць, колькі такіх машынаў будзе пастаўлена і калі.
Раней на гэтым тыдні ЗША заявілі аб магчымасьці адпраўкі ва Ўкраіну бронетранспартэраў Bradley — гэта будзе адна зь першых баявых машын заходняй вытворчасьці, якую атрымае Ўкраіна. Пакуль што краіны Ўсходняй Эўропы пастаўлялі толькі савецкія мадэлі.
«Абедзьве краіны плянуюць навучаць украінскія ўзброеныя сілы адпаведным сыстэмам», — гаворыцца ў заяве Белага дому, якую цытуе агенцтва AFP.
Украіна ўжо атрымала супрацьпаветраныя, транспартныя і браніраваныя эвакуацыйныя машыны заходніх вытворцаў.
Пра гэта стала вядома пасля рашэньня Францыі аб пастаўцы Кіеву баявых лёгкіх браніраваных машын AMX-10 RC.
Украіна неаднаразова запытвала пастаўкі нямецкіх асноўных баявых танкаў Leopard-2 і БМП Marder.
Раней Шольц зьвяртаў увагу на тое, што іншыя саюзьнікі па NATO таксама не прадастаўляюць цяжкага ўзбраеньня. 5 студзеня міністарка замежных спраў Анналена Бэрбак і віцэ-канцлер Робэрт Габэк заявілі пра пэрспэктыву новых ваенных паставак ва Ўкраіну.
У прыватнасьці, падчас візыту ў Нарвэгію Габэк паабяцаў хуткае рашэньне ўрада. Паводле яго слоў, пастаўкі зброі будуць «адаптаваныя да патрабаваньняў поля бою». Ён нагадаў, што ва ўраду Нямеччыны заўсёды было два крытэры прыняцьця рашэньняў у гэтым пытаньні: адзінства з партнэрамі і ваенная перавага на полі бою. «Здаецца, што і ў гэтай справе менавіта гэтак. І таму цяпер фэдэральны ўрад хутка абмяркуе гэтую сытуацыю і потым прыме адпаведныя рашэньні», — сказаў віцэ-канцлер.
Падчас прэс-канферэнцыі са сваім брытанскім калегам у Лёндане Бэрбак папярэдзіла, што Нямеччына і яе саюзьнікі не павінны пакідаць сумневаў у сваёй падтрымцы Кіева і павінны паглядзець, дзе магчымая дадатковая ваенная падтрымка.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі назваў рашэньне Францыі паставіць машыны AMX-10 RC «ясным сыгналам» іншым краінам Захаду. «Няма рацыянальнай прычыны, па якой ва Ўкраіну да гэтага часу не пастаўляюцца танкі заходняй вытворчасьці», — падкрэсьліў ён.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.