Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калюмбія і Вэнэсуэла адкрылі мост на мяжы, які быў закрыты амаль сем гадоў праз палітычную напружанасьць паміж краінамі


Заблякаваны мост Т'ендытас у 2019 годзе
Заблякаваны мост Т'ендытас у 2019 годзе

У Калюмбіі новы прэзыдэнт і, выглядае, у Багаце ўзялі курс на паляпшэньне дачыненьняў з Каракасам.

Дэлегацыі на чале зь міністрам гандлю Калюмбіі Германам Уманам і губэрнатарам вэнэсуэльскага штату Тачыра Фрэдзі Бэрналем сустрэліся на цырымоніі адкрыцьця на сярэдзіне моста «Т’ендытас», які злучае Тачыру і калюмбійскі штат Нортэ-дэ-Сантандэр, піша «Голас Амэрыкі».

«Ад сёньняшняга дня ўсе памежныя пераходы адкрытыя для транспарту», — сказаў Бэрналь, дадаўшы, што ёсьць палітычная воля працягваць паляпшаць адносіны паміж суседзямі.

Будаўніцтва моста скончылася ў 2016 годзе, але яго так і не адкрылі з прычыны палітычнага крызісу паміж краінамі Паўднёвай Амэрыкі. Мост, будаўніцтва якога каштавала больш за 32 мільёны даляраў, узьвялі, каб паменшыць заторы на двух іншых памежных мастах у гэтым раёне і палегчыць гандаль.

У 2019 годзе кіраўнік Вэнэсуэлы сацыяліст Нікалас Мадура загадаў паставіць на мосьце больш за дзясятак грузавых кантэйнэраў, каб сымбалічна заблякаваць яго ў знак пратэсту супраць спробаў апазыцыі даставіць у Вэнэсуэлу гуманітарную дапамогу з Калюмбіі.

Дыпляматычныя і гандлёвыя адносіны паміж Калюмбіяй і Вэнэсуэлай аднавіліся ў верасьні пасьля інаўгурацыі Густава Пэтра — былога партызана — на пасаду прэзыдэнта Калюмбіі. Папярэднік Пэтра, Іван Дуке (2018–2022), назваў Мадура «дыктатарам» і зрабіў Калюмбію адной з 50 краін, якія прызналі лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, абвінаваціўшы Мадура ў фальсыфікацыі свайго перавыбраньня.

«Т’ендытас» быў апошнім пераходам, што злучае краіны, адноўлены ўздоўж іх 2200-кілямэтровай мяжы пасьля аднаўленьня адносін.

«У палітычным пляне „Т’ендытас“ зьяўляецца сымбалем аднаўленьня дыялёгу паміж дзьвюма краінамі», — сказаў Раналь Радрыгес, навуковы супрацоўнік Вэнэсуэльскай абсэрваторыі ва Ўнівэрсытэце Расарыё ў Калюмбіі.

Аднаўленьне камэрцыйных сувязяў пачалося з адкрыцьця руху цераз масты Сымона Балівара і Францыска дэ Паўла Сантандэра ў верасьні. З таго часу і да лістапада па мастах праехала 385 грузавікоў, большасьць зь якіх везьлі з Калюмбіі ў Вэнэсуэлу мэдыцынскія тавары, оптавалакно, тэкстыль, туалетную паперу і кардон. З Вэнэсуэлы ў Калюмбію везьлі рулонную сталь, рухавікі і трубы.

У пэрыяд са студзеня па кастрычнік 2022 году агульны таваразварот паміж дзьвюма краінамі дасягнуў 512 мільёнаў даляраў, але гэта яшчэ далёка ад двухбаковага гандлю ў 7 мільярдаў даляраў у 2008 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG