Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прозьвішча не прысуд». Як беларуска з прозьвішчам Лукашэнка дапамагае Ўкраіне


Ірына Лукашэнка
Ірына Лукашэнка

Ірына Лукашэнка зьехала з Радзімы ад рэпрэсій. Цяпер яна жыве ў Кіеве, дапамагае ўкраінцам і беларусам у розных валянтэрскіх рухах і праектах. Пра жыцьцё ва Ўкраіне падчас вайны — у гутарцы Свабоды.

«Дома ў Менску пакінула на стале кубак зь недапітай кавай»

На момант падзей 2020 году Ірыне было 24 гады, яна працавала ў сфэры IT. Падзеі 9 жніўня 2020 году моцна яе ўразілі.

«Я ня ведала — куды мне ісьці, куды падацца. І так знайшла для сябе валянтэрства. Яно мяне ўратавала, туды я накіравала свае сілы. Дапамагала людзям знаходзіць юрыдычную, мэдычную, псыхалягічную падтрымку. Бо людзей затрымлівалі штодзень, і падтрымка была важнай», — кажа беларуска.

Міліцыя затрымлівала і яе, па «народным» адміністрацыйным артыкуле 23.34. «Было цяжка, бо кожны дзень быў стрэс. Выходзіш з дому з адчуваньнем, што можаш не вярнуцца, з зубной шчоткай, пастай, зь цёплымі шкарпэткамі на выпадак затрыманьня. Так доўга жыць нельга, бо паедзе дах. Я падумала, што ня варта чакаць затрыманьня, і вырашыла зьяжджаць», — кажа Ірына.

Ірына Лукашэнка ва Ўкраіне
Ірына Лукашэнка ва Ўкраіне

Яна дадае, што доўга не раздумвала і не сказала пра сваё рашэньне сям’і адразу. На кухні пакінула кубак зь недапітай кавай, паехала ў Кіеў. Быў 2021 год.

«Я ня думала, што буду доўга ва Ўкраіне. Думала, што некаторы час пабуду там і паеду, скажам, у Польшчу. Але зь першага дня ў Кіеве зразумела, адчула, што гэта мой дом, мне тут добра, і вырашыла заставацца», — кажа беларуска.

Ірына Лукашэнка
Ірына Лукашэнка

Ірына працягвала працаваць у IT, але ня кінула і валянтэрства — далучылася да праекту «Ozon» Цэнтру грамадзянскіх свабод. Таго самага, які сёлета разам з расейскім «Мэмарыялам» і беларусам Алесем Бяляцкім атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Праект займаецца маніторынгам судоў і мірных сходаў. Таксама ўдзельнічае ў ініцыятывах дапамогі беларусам у межах ініцыятывы «Нацыя лідэраў» і ў фэміністычнай ініцыятыве «Марш жанчын».

«Куды я паеду, калі гэта мой дом?»

Ірына сустрэла вайну ў Кіеве. Расказвае, што адразу вырашыла не зьяжджаць.

«Бо куды я паеду, калі гэта мой дом? Мы зь сяброўкай паехалі ў Львоў, бо там была напружаная сытуацыя. Украінцы зьяжджалі за мяжу ці пераяжджалі на захад краіны, ім трэба было дапамагаць. Мы дапамагалі там адкрыць два шэлтары (прытулкі. — РС), трэба было арганізаваць там коўдры, матрацы, ежу для людзей. Потым дапамагалі людзям, якія прыяжджалі на эвакуацыйных цягніках. Дапамагалі па-рознаму. Што бачыш, тое і робіш. Я там прабыла каля месяца. Калі там больш-менш усё наладзілася, вырашыла вярнуцца ў Кіеў. Бо гэта мой дом, і для мяне гэта найлепшы горад на сьвеце. Мяне цягнула туды. Гэта быў сакавік, і пад Кіевам яшчэ былі расейцы, але я пра іх ня думала», — кажа Ірына.

«Ахоўнік сказаў, што ў мяне добрае прозьвішча, бо ягонае — Жывадзёр»

Ірына кажа, што прозьвішча Лукашэнка засталося ёй у спадчыну ад былога мужа.

«Нейкага нэгатыву празь яго я ня мела. Хутчэй былі сьмешныя выпадкі. У Менску мяне ў 2020 годзе затрымалі супрацоўнікі АМАП. І калі пачалі афармляць у РАУС і спыталіся прозьвішча, то ў супрацоўнікаў АМАП зрабіліся вялізарныя вочы, яны пачалі прасіць у мяне прабачэньня за тое, што затрымалі мяне, прасілі не трымаць на іх злосьці. Відаць было, што яны моцна спужаліся», — узгадвае беларуска.

Валянтэрства Ірыны Лукашэнкі
Валянтэрства Ірыны Лукашэнкі

У Кіеве яна, сярод іншага, займаецца назіраньнем у судах, была і на працэсе першага расейскага вайскоўца, якога судзілі за ваенныя злачынствы. Тады грамадзяніну Расеі Вадзіму Шышымарыну прысудзілі 15 гадоў калёніі.

«У судзе трэба паказваць дакумэнты. Я свой дакумэнт падала так асьцярожна ахоўніку. Кажу: «Вось, трымайце, але ў мяне такое прозьвішча». А ён кажа: «Ды што вы, нармальнае прозьвішча! Вось у мяне ня надта — Жывадзёр, а вашае — нармальнае», — узгадвае Ірына.

Беларуска дадае, што людзі ставяцца да яе добра, бо судзяць па ўчынках, а не па прозьвішчы. Дый зьмяніць яго пакуль няма як. «Ва Ўкраіне гэта нармальнае прозьвішча. Можа, калі вярнуся ў Беларусь, то яго зьмяню», — кажа Ірына.

«Вельмі хачу пабачыць Беларусь вольнай і дапамагаць ёй быць лепшай»

Апроч украінскіх гуманітарных праектаў, Ірына займаецца і беларускімі. «Я хачу, каб Беларусь была кляснай, крутой. Таму лічу, што сёньня трэба займацца адукацыяй і разьвіцьцём людзей. Мы робім курсы для актыўных беларусаў. Розныя. Гэта і псыхалёгія, і публічная палітыка, і курсы на тое, каб перамагчы непісьменнасьць у розных сфэрах. Гэта такая праграма „Нацыя лідэраў“. Я люблю Кіеў, Украіну, але вельмі хачу пабачыць Беларусь вольнай. Хачу дапамагаць ёй разьвівацца, стаць лепшай. Бо мае жыцьцё, як і многіх беларусаў, зьмянілася ў 2020 годзе. І гэта ўсё ж ня проста так. Таму я хачу пабачыць — дзеля чаго гэта ўсё было. Думаю, што пабачу», — кажа Ірына.

Ірына Лукашэнка
Ірына Лукашэнка

Таксама яна дапамагае вырашаць праблемы беларусаў, якія сутыкнуліся зь міграцыйнай службай Украіны. Бо многім зь іх не даюць дазвол на жыхарства ці папросту выкідаюць з Украіны. «Многія, нават супрацоўнікі СБУ, разумеюць, што мы, беларусы, якія засталіся ва Ўкраіне, ня проста так засталіся. Значыць, гэта важна для нас, мы тут дапамагаем, мы любім гэтую краіну. Многія, як я кажу, гэта разумеюць. Але пакуль не разумее гэтага міграцыйная служба. Але мы працуем», — кажа беларуска.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG