Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі разглядае вэрсію правакацыі ў інцыдэнце з падзеньнем ракеты на Берасьцейшчыне


Аскепкі ракеты, якая ўпала ў Берасьцейскай вобласьці 29 сьнежня
Аскепкі ракеты, якая ўпала ў Берасьцейскай вобласьці 29 сьнежня

У ведамства заявілі, што ў інцыдэнце з ракетай, якая ўпала ў Беларусі, застаюцца пытаньні.

«Як адзначалася раней, у Янаўскім раёне сродкамі супрацьпаветранай абароны была зьбітая цэль, якая прыляцела з украінскага боку. Баявыя разьлікі адпрацавалі штатна. Але па гэтым інцыдэнце застаюцца пытаньні», — заявіў начальнік упраўленьня зэнітных ракетных войскаў палкоўнік Кірыл Казанцаў.

Ён паведаміў, што на гэты момант разглядаюцца дзьве вэрсіі падзеньня ракеты, выпушчанай з тэрыторыі Украіны, у Беларусі: «ненаўмысны пуск зэнітнай кіраванай ракеты з прычыны нізкай навучанасьці разьліку ці няспраўнасьці ракеты» альбо «наўмысная правакацыя УСУ».

29 сьнежня ў прамежку з 10:00 да 11:00 у Берасьцейскай вобласьці ўпала ракета.

У прэс-службе Лукашэнкі заявілі, што ракета прыляцела з тэрыторыі Ўкраіны і гэтая ракета з комплексу С-300. На месцы працуюць адмыслоўцы.

Адразу разглядаліся дзьве асноўныя вэрсіі:

  • 1. Залёт ракеты на тэрыторыю Беларусі, аналягічны нядаўняму інцыдэнту ў Польшчы, калі ракета паляцела ня ў той бок;
  • 2. Ракета зьбітая ў выніку работы сыстэм СПА Беларусі.

На месцы здарэньня распачалі працу Сьледчы камітэт, МУС, Міністэрства абароны. Зьвестак аб пацярпелых не было.

Па факце здарэньня з ракетай у Янаўскім раёне Мінабароны Беларусі ўчора заявіла:

«Сёньня ў раёне 10 гадзін сіламі войскаў супрацьпаветранай абароны была разьбітая паветраная цэль. Яе абломкі знойдзеныя на сельскагаспадарчым полі ў раёне вёскі Гарбаха Янаўскага раёна Берасьцейскай вобласьці.

У ходзе праверачных мерапрыемстваў папярэдне ўстаноўлена, што абломкі належаць зэнітнай кіраванай ракеце С-300, выпушчанай з тэрыторыі Ўкраіны».

Пазыцыя Ўкраіны

Украінскі бок гатовы да правядзеньня ва Ўкраіне аб’ектыўнага расьсьледаваньня інцыдэнту, які адбыўся 29 сьнежня ў небе над тэрыторыяй Беларусі ў выніку адбіцьця масіраванага ракетнага ўдару Расеі, заявіла ўкраінскае Міністэрства абароны.

Так, там адрэагавалі на заявы Менску аб падзеньні ракеты на беларускай тэрыторыі.

«Што да сьцьвярджэньняў беларускага боку, украінскаму боку вядомыя адчайныя і настойлівыя імкненьні Крамля ўцягнуць Беларусь у сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны. У сувязі з гэтым украінскі бок не выключае і сьвядомай правакацыі з боку дзяржавы-тэрарыста Расеі, якая праклала такі маршрут для сваіх крылатых ракет, каб справакаваць іх перахоп у паветранай прасторы над тэрыторыяй Беларусі», — падкрэсьлілі ў Мінабароны Ўкраіны.

«Украінскі бок, пакідаючы за сабой безумоўнае права на абарону і абарону ўласнага неба, гатовы да правядзеньня ва Ўкраіне аб’ектыўнага расьсьледаваньня інцыдэнту, які адбыўся 29 сьнежня ў небе над тэрыторыяй Беларусі з прычыны адбіцьця масіраванага ракетнага ўдару РФ. Украіна гатовая запрасіць да ўдзелу ў такім расьсьледаваньні аўтарытэтных экспэртаў з ліку дзяржаў, ня зьвязаных з падтрымкай дзяржавы-тэрарыста Расеі ў якой-небудзь форме», — дадалі ў Мінабароны Ўкраіны.

Там нагадалі, што 29 сьнежня Расея зьдзейсьніла «чарговае злачынства — масіраваны ракетны абстрэл мірных гарадоў Украіны», запусьціўшы прынамсі 11 дронаў і 69 крылатых ракет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG