Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да мужа прыйшлі ўночы вайскоўцы ў форме і завезьлі яго на мяжу». Сям’ю беларусаў прымусілі пакінуць Грузію


Акцыя беларусаў у Батумі, Грузія. Архіўнае фота
Акцыя беларусаў у Батумі, Грузія. Архіўнае фота

Мужа, жонку і іхных дзяцей дэпартавалі. У сям’і ў Грузіі засталася ўласная кватэра.

Сям’я беларусаў пераехала жыць у Грузію ў 2021 годзе.

«Гэта быў сплянаваны крок. Мы жылі тут, працавалі, мелі часовы дазвол на жыхарства. Але нас з Грузіі фактычна выкінулі», — расказвае Свабодзе Марына (імя зьмененае на просьбу гераіні. — РС).

Расказваем іх гісторыю.

«Беларуская палітыка тут ні пры чым»

Марына дагэтуль ня можа зразумець, чаму іх пазбавілі магчымасьці жыць у Грузіі, дзе яны нават пасьпелі купіць кватэру. Беларуска кажа, што на радзіме яны нідзе не «засьвяціліся», у пратэстах ня ўдзельнічалі.

«Мы пераехалі ў Грузію заплянавана, гэта быў абдуманы крок. Муж працуе ў сфэры IT, я хатняя гаспадыня. Дзеці тут пайшлі ў школу», — расказвае Марына.

Паводле грузінскага заканадаўства беларусам можна легальна жыць у Грузіі год, пасьля чаго трэба выехаць з краіны, каб «абнуліць» тэрмін знаходжаньня. Найчасьцей беларусы выяжджаюць у Турэччыну ці ў Расею. Вяртацца можна літаральна празь некалькі хвілін пасьля выезду, грузінам важны сам факт таго, што чалавек «абнуліў» свой тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі краіны.

«Мы паехалі са старэйшым сынам у Турэччыну, каб „абнуліць“ свой тэрмін, бо раней нам анулявалі дазвол на жыхарства. Рабілі так ня першы раз. Вяртаемся з Турэччыны, і на мяжы нам грузінскія памежнікі кажуць, што Грузія адмаўляе ва ўезьдзе. Маўляў, ваш часовы дазвол на жыхарства ануляваны, нічога ня ведаем. Нас правялі на нэўтральную паласу. Так мы са старэйшым сынам засталіся ў Турэччыне, муж зь меншым — у Грузіі», — кажа Марына.

«Да мужа прыйшлі ўночы і фактычна выкінулі з краіны»

Як расказвае жанчына, праз чатыры дні пасьля здарэньня на мяжы да мужа Марыны прыйшлі незнаёмыя. Двое зь іх былі ў вайсковай форме, астатнія ў цывільным.

«Загадалі яму зьбіраць рэчы і пакідаць краіну. Ён ня стаў супраціўляцца, бо зь ім быў наш меншы сын. Яны забралі ў мужа тэлефон, давезьлі яго да мяжы (з Турэччынай. — РС), і ён перайшоў яе як турыст», — кажа Марына.

Яна дадае, што зараз беларусы ў «поўным неразуменьні», чаму так здарылася. «Мы спакойна жылі, плацілі падаткі, не парушалі законаў, дзеці хадзілі ў школу. На момант здарэньня ў грузінскай школе заставаліся дакумэнты сына, цяпер іх ужо забралі», — кажа беларуска.

«Пачынаем жыцьцё ў Турэччыне»

Неўзабаве пасьля адмовы ў знаходжаньні на тэрыторыі Грузіі Марына з мужам зьвярнуліся да адваката. Але нават юрыстка не змагла зразумець, чаму ім больш нельга жыць у Грузіі.

«Рашэньне аб ануляваньні часовага віду на жыхарства можна было аспрэчыць у судзе. Але гэта дорага і ня факт, што мы выйграем. Адвакатка кажа, што мо ў нас „нешта ня тое“ з дакумэнтамі. Але мы іх афіцыйна перакладалі, завяралі ў натарыюса. Нам патлумачылі, што прычыны ануляваньня віду на жыхарства трэба пытацца ў судзе», — кажа Марына.

Беларуска дадае, што яны з мужам ужо падалі дакумэнты на часовы від на жыхарства ў Турэччыне, у Беларусь сям’я вяртацца не плянуе. Пакуль невядома, што будзе з кватэрай, якую Марына з мужам пасьпелі купіць у Грузіі.

Па інфармацыі Свабоды, гэта не адзінкавы выпадак, калі беларусаў не пускаюць у Грузію пасьля кароткачасовага выезду для «абнуленьня» тэрміну знаходжаньня на тэрыторыі краіны. У некаторых з такіх выпадкаў супраць людзей на радзіме былі заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах 2020 году. Свабода зьвярнулася па камэнтар у Агенцтва разьвіцьця дзяржаўных паслуг (Agency for the Development of Public Services) Міністэрства юстыцыі Грузіі, якое адмовіла беларусам у знаходжаньні на грузінскай тэрыторыі (копіі адмовы ёсьць у рэдакцыі). Адказу на гэты момант рэдакцыя не атрымала.

Па зьвестках МУС Грузіі, з 1 студзеня 2022 году па 30 верасьня 2022 году ў Грузію прыехалі і застаюцца там больш за 13 тысяч грамадзян Беларусі. За 11 месяцаў 2021 году ў Грузіі пабывалі каля 35 тысяч беларусаў, што амаль утрая больш, чым за такі ж пэрыяд 2020 году. Афіцыйных зьвестак пра тое, колькі беларусаў зьехалі ў Грузію са жніўня 2020 году і застаюцца там цяпер, не існуе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG