Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служба дзяржбясьпекі Латвіі заклікала грамадзян ня езьдзіць у Беларусь і Расею на зімовыя сьвяты


Фасад мэрыі Рыгі
Фасад мэрыі Рыгі

Служба дзяржаўнай бясьпекі (СДБ) заклікала грамадзян Латвіі ня езьдзіць у Беларусь і Расею на зімовыя сьвяты праз «рызыкі бясьпекі ў рэгіёне» ў сувязі з разьвязанай Крамлём вайной супраць Украіны, а таксама «агрэсіўнай рыторыкай» РФ у дачыненьні да Латвіі.

У СДБ нагадалі, што спэцслужбы Менску і Масквы «часьцей за ўсё спрабуюць завэрбаваць грамадзян Латвіі непасрэдна на тэрыторыі сваіх краін».

«Першы кантакт найчасцей адбываецца на мяжы, калі прадстаўнікі спэцслужбаў выдаюць сябе за памежнікаў, але могуць выдаць сябе за прадстаўнікоў сілавых структур, любых іншых дзяржаўных ці муніцыпальных устаноў», — цытуе заяву СДБ агенцтва BPN.

Латвійская спэцслужба рэкамэндуе грамадзянам «быць асьцярожнымі» пры кантактах зь любымі расейскімі і беларускімі дзяржаўнымі ўстановамі, а таксама асобамі, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах, у ВНУ, навукова-дасьледчых інстытутах і ў сфэры высокіх тэхналёгій.

Раней прадстаўнікі СДБ заяўлялі, што расейскія і беларускія спэцслужбы «заўсёды былі зацікаўленыя ў вярбоўцы латвійскіх дзяржаўных і муніцыпальных чыноўнікаў, у распараджэньні якіх ёсьць інфармацыя, якая ўтрымлівае дзяржтаямніцу, або іншыя зьвесткі, даступныя для абмежаванага кола асоб». Яны папрасілі грамадзян паведамляць, калі на мяжы іх «абшукваюць і распытваюць больш як звычайна», а таксама калі задаюцца пытаньні, не зьвязаныя зь перасячэньнем мяжы: пра стаўленьне да сытуацыі ва Ўкраіне або пра сытуацыю ў Латвіі, месцы працы, пасаду і зарплату. Асаблівую ўвагу СДБ раіць зьвяртаць на пытаньні, калі іх «задаюць не памежнікі, а людзі ў цывільным».

  • Увесну Беларусь увяла бязьвізавы рэжым уезду для грамадзян Літвы і Латвіі, улетку — для грамадзян Польшчы. 21 сьнежня бязьвіз прадоўжылі на ўвесь 2023 год.
  • Улады гэтых краін заклікалі сваіх грамадзян не наведваць Беларусь зь меркаваньняў бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG