Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянам Беларусі, якія жывуць у Эстоніі, праўдападобна, забароняць валодаць зброяй


Герб Эстоніі
Герб Эстоніі

Пад абмежаваньні трапяць грамадзяне трэціх краін, галоўным чынам, Расеі. З этапаў прыняцьця закону засталося толькі ўхваленьне яго парлямэнтам Эстоніі — Рыігікогу.

Эстонія ўводзіць заканадаўчую забарону на валоданьне зброяй для грамадзян трэціх краін, якія жывуць у краіне. Урад краіны 2 лістапада ўхваліў папраўкі да закону аб зброі, унесеныя Міністэрствам унутраных спраў. Цяпер іх трэба будзе разгледзець парлямэнту, піша DW.

Па ацэнцы эстонскіх уладаў, прапанаваная норма закране 1325 чалавек, у валоданьні якіх знаходзяцца 3080 адзінак зброі. Большасьць з тых, хто падпадае пад абмежаваньне, — грамадзяне Расеі і Беларусі.

«Сёньня мы ня можам рызыкаваць тым, што грамадзяне іншай, варожай, дзяржавы, маюць дазвол на нашэньне зброі і валодаюць ёй», — заявіў міністар унутраных спраў Эстоніі Лаўры Ляэнэмэтс.

На яго думку, яны могуць «адчуць, што павінны ўзяцца за зброю» з прычыны «ідэалёгіі або грамадзянскай ляяльнасьці», абараняючы інтарэсы іх краіны. «Гэтым законам мы ўстараняем такія рызыкі», — растлумачыў Ляэнэмэтс.

У адпаведнасьці з законапраектам, тэрмін дзеяньня дазволаў на зброю, выдадзеных грамадзянам дзяржаў, што не ўваходзяць у Эўразвяз і NATO, скончыцца праз год. Пасьля гэтага ўладальнікі мусяць цягам году здаць зброю. У адваротным выпадку праваахоўныя органы экспрапрыююць яе па сярэднерынкавым кошце.

Выдача новых дазволаў на зброю пасьля ўступленьня закону ў сілу спыніцца. Па дадзеных МУС Эстоніі, гэта адбудзецца ў пачатку 2023 году. Прыняцьцем дакумэнту дзейны зь ліпеня новы ўрад Эстоніі на чале з прэм’ер-міністрам Каяй Калас выконвае адну з умоў кааліцыйнай дамовы. Яна прадугледжвае, што дазволы на зброю, выдадзеныя грамадзянам Расеі і Беларусі, павінны быць прызнаныя несапраўднымі, а іх далейшая выдача спыніцца.

У верасьні Эстонія нароўні зь Літвой, Латвіяй і Польшчай закрыла ўезд расейскім турыстам. У краіну не пускаюць грамадзян Расеі з турыстычнымі візамі, у тым ліку шэнгенскімі, выдадзенымі трэцімі дзяржавамі.

Эстонія, Латвія і Літва таксама заклікалі ЭЗ разам зь міжнароднымі партнэрамі дапамагчы Ўкраіне стварыць спэцыяльны трыбунал для перасьледу за злачынствы ваеннай агрэсіі Расеі. Міністры замежных спраў трох краін заявілі, што ЭЗ павінен працягваць падтрымліваць расьсьледаваньні, якія праводзяць Украіна, шэраг іншых дзяржаў і Міжнародны крымінальны суд.

Як піша ERR, у апошні тыдзень улады Эстоніі закрыюць пешаходны мост на памежным пераходзе ў Нарве. Там заявілі, што колькасьць людзей на прапускным пункце рэзка зьменшылася, і цяпер няма сэнсу ўтрымліваць працу пункту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG