Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, у чым вінавацяць нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і іншых «вясноўцаў»


Уладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч
Уладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч

Разгляд справы старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, ягонага намесьніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча, а таксама Зьмітра Салаўёва, якога будуць судзіць завочна, пачнецца 5 студзеня.

Справу «Вясны» 5 студзеня справу будзе разглядаць судзьдзя Марына Запасьнік. Працэс пройдзе ў судзе Ленінскага раёну Менску.

Вясноўцаў абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэксу і фінансаваньні групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

У прыватнасьці, праваабаронцам ставяцца ў віну:

  • аплаты штрафаў за некаторых асоб, «прыцягнутых на падставе судовых рашэньняў, якія набылі законную моц, да адказнасьці за адміністрацыйныя правапарушэньні, зьвязаныя з парушэньнем грамадзкага парадку і вызначанага на тэрыторыі краіны парадку кіраваньня; іншыя правапарушэньні, учыненыя ў сувязі з выказваньнем пратэсту на дзеяньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь»;
  • выплаты такім асобам грашовых кампэнсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
  • аплаты замест некаторых асоб, «якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэньні, рахункаў за харчаваньне ў месцах адбыцьця спагнаньняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў»;
  • аплаты працы адвакатаў, «у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасьля прыцягнутых у якасьці абвінавачаных у крымінальных справах, зьвязаных з грубым парушэньнем грамадзкага парадку, выказваньнем пратэсту на дзеяньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь».

«Для інфармацыйнага суправаджэньня сваёй дзейнасьці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ „Вясна“ ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах», — гаворыцца ў абвінавачаньні.

Трое праваабаронцаў — нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімер Лабковіч — утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 году, ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня.

Актывіста «Вясны» Зьмітра Салаўёва няма ў Беларусі, яго будуць судзіць завочна, у парадку так званага спэцыяльнага вядзеньня.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG