Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну асалоды


За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Завяршаем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.

Дзявяты ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна асалоды

Літаратура не мацнейшая за рэальнасьць, гэта проста рэальнасьць іначай пабачаная і адчутая: кантрастна, хутка, выбухападобна, цягуча, бяз сумных межаў, іншымі словамі — свабодна. Хвалі і сайт Свабоды натуральна перацякалі ў фармат кніг, калі з аўдыторыяй сустракаліся майстры прыгожага пісьменства.

На вокладках кніг «Бібліятэкі» можна пабачыць імёны Васіля Быкава, Сьвятланы Алексіевіч, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Арлова, а ў паказьніках імёнаў, якія публікуюцца ў канцы кожнай кнігі, прысутнічае так ці іначай увесь Беларускі ПЭН, Саюз пісьменьнікаў, сотні аўтараў, якія паспыталі асалоду свабоднай творчасьці.

На гэтай палічцы з поўным правам могуць стаяць і шмат якія іншыя кнігі «Бібліятэкі», адзначаныя літаратурнымі прэміямі — але сёньня толькі выбранае. Як напісаў адзін чытач — чыстая асалода!

Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды

«Пакуль ляціць страла»

Гэта адзіная кніга «Бібліятэкі», дзе прысутнічае гекзамэтар. На шчасьце, ня ўся яна напісаная гэтым памерам — хоць паэт, празаік і гісторык Уладзімер Арлоў мог бы — а толькі прадмова. Бо як іначай прадставіць вечны занятак — пошук прыгажосьці і ісьціны, які ў гэтай кнізе вядуць чытачы, а аўтар ім дапамагае. Сто адказаў пісьменьніка на пытаньні падчас сустрэчаў у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрах і ва ўнівэрсытэтах — і тут, на Свабодзе.

«Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча»

Антынавуковая эсэістыка Альгерда Бахарэвіча прызначалася для вузкага кола дактароў-самавучак, але была разабраная на цытаты, перакладзеная на замежныя мовы і нанесла непапраўную шкоду сумнаму афарызму пра здаровае цела, у якім здаровы дух — бо ўсё наадварот. Кожны сапраўдны пісьменьнік ніякі не інжынэр, а лекар — адкрыйце і выздараўлівайце! Можа і выжывеце.

«Каляндар Бахарэвіча»

Скончыўшы з мэдыцынай, аўтар разабраўся з гісторыяй. Кнігу склалі 366 эсэ Альгерда Бахарэвіча пра гістарычныя падзеі кожнага дня году. Для яснасьці: трыста шэсьцьдзесят шэсьць! Гэтая кніга стваралася ў Гамбургу і Менску, Уроцлаве і Вісбю, у цягніках і гатэлях, на выспах і вуліцах, яна рухалася наперад няўхільна, быццам стрэлка гадзіньніка, і пісалася, як мастацкае палатно, каб урэшце загучаць, як музыка.

«Гамбурскі рахунак Бахарэвіча»

У беларускай літаратуры замала скандалаў. Гамбурскі цыкль Альгерда Бахарэвіча пра клясыку і клясыкаў гэты недахоп выправіў кардынальна. Аўтара не абвінавачвалі толькі ў канібалізьме, а на ўсе астатнія грахі яму і Свабодзе ўказалі шырока і поўна, уключна з пагрозамі пабіць пры сустрэчы. Гэта моцна парадавала — беларуская кніга, якая здольная выклікаць такія эмоцыі ў беларусаў, сьведчыла, што ня ўсё яшчэ страчана. І праўда — усё толькі пачыналася! Бо клясыка заўсёды пачынаецца.

«Начная чытанка-1»: 50 аўтараў з этэру «Начной Свабоды»

«Начная чытанка-2»: 50 аўтараў з этэру «Начной Свабоды»

Два мультымэдыйныя дыскі спатрэбіліся, каб зьмясьціць самы інтымны фармат прыгожага пісьменства — аўтарскае чытаньне ўласных вершаў і прозы. Перадача «Начная Свабода» штотыдзень запрашала пісьменьнікаў і пісьменьніц у этэр, і на працягу пяці вечароў яны адказвалі на пытаньні і чыталі свае творы. 100 галасоў памножыць на 5 раўняецца бясконцай асалодзе — паслухайце!

«100 словаў»

Ляканізм ніколі не лічыўся ўласьцівасьцю беларускага прыгожага пісьменства. Прынамсі, да гэтай кнігі. Укладальнік анталёгіі найлепшых кароткіх тэкстаў Ян Максімюк вёў аднайменную рубрыку на сайце Свабоды ў 2014–2016 гг. Народ палюбіў фармат і слаў свае соткі нон-стоп, але суровы рэдактар адабраў для кнігі толькі 300. Як кажуць у народзе, bona est brevitas. Далучыцеся да гэтага народу!

«Альбом сямейны»

Небясьпечная кніга. Скаргі на гэтую перадачу пільныя слухачы слалі адразу ў Вашынгтон: як можна сьмяяцца ў час, калі трэба плакаць, як можна гаварыць пра штаны-клёш, калі заробкі такія, што штаны не трымаюцца. Віртуоз настальгіі Вінцэсь Мудроў успамінаў такія забытыя рэаліі савецкага часу, што станавілася страшна зайздросна і хацелася, як напісаў адзін няпільны слухач, хоць бы дзень пажыць у гэтым альбоме. Цяпер гэта магчыма — у альбоме сямейнай і ня толькі памяці Мудрова зьвярніце ўвагу на зноскі ўнізе кожнай часткі і на паказьнік ў канцы. І пераканаецеся, што «Альбом» — не настальгія, а авангард!

«Казкі па целефоне»

Усё ж, усё ж прызнаем — гэтая кніга павінна была называцца «#давай, пака», як скончваў кожны свой фэерычны пост у Фэйсбуку Алесь Пілецкі. На прэзэнтацыі ў Менску да аўтара падышоў тагачасны пасол Расеі і папрасіў асобнік, але аўтар толькі разьвёў рукамі — ужо няма, давай пака. Жанр кнігі быў вызначаны як гіпэррэалізм, стыль — як інтым па тэлефоне, мова — як піўны слэнг, а галоўны пэрсанаж — як орган, які как хаціт так і паўстае ва ўсёй сваёй паўнаце. Гэтая кніга яшчэ чакае свайго ўвасабленьня як анімацыя, як опэра і, магчыма, як балет. Паспрабуйце!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG