У Беларусі завяршылася раптоўная праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл

Раптоўная праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, 13 сьнежня 2022
Раптоўная праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, 13 сьнежня 2022

Узброеныя сілы пачалі плянавыя заняткі ў баявой падрыхтоўцы. Раптоўная праверка працягвалася шэсьць дзён.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб завяршэньні раптоўнай праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл.

Згодна з паведамленьнем прэсавай службы міністэрства, падразьдзелы Ўзброеных сіл, якія далучаліся да выкананьня задач праверкі баявой гатоўнасьці войскаў, якая праводзілася пад кіраўніцтвам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі, пачалі плянавыя заняткі ў баявой падрыхтоўцы.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла 13 сьнежня аб раптоўнай праверцы баявой гатоўнасьці войскаў.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што адсочваюць усе супольныя беларуска-расейскія вучэньні, стварэньне агульнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы, іхнае перамяшчэньне ўздоўж мяжы з Украінай, а таксама ўзровень пагрозы для Ўкраіны.

14 сьнежня экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны ў сваёй справаздачы адзначылі, што напад беларускага войска на Ўкраіну, нягледзячы на пачатак 13 сьнежня раптоўнай праверкі баявой здольнасьці, малаімаверны.

​
XS
SM
MD
LG