Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Херсоншчыне заявілі пра экацыд падчас расейскай акупацыі: тут загінулі больш як 4 мільёны курэй

Херсонская вобласьць, лістапад 2022 г.
Херсонская вобласьць, лістапад 2022 г.

Прыватны аграхолдынг «Авангард» паведаміў аб зьнішчэньні найбольшай у Эўропе птушкафабрыкі «Чарнабаеўская», якая месьцілася ў Херсонскай вобласьці.

«Празь дзеяньні акупантаў фабрыка, якая была ключавой для Херсоншчыны вытворчасьцю, разрабаваная і разбураная. З прычыны гібелі 4,4 мільёнаў птушак ад смагі і голаду сытуацыю ў рэгіёне праваахоўныя органы кваліфікуюць як экацыд, учынены акупантамі», — паведамілі ў аграхолдынгу.

У пачатку сакавіка птушкафабрыка засталася без электрычнасьці, без магчымасьці карміць птушак, падвозіць супрацоўнікаў да працоўных месцаў і вывозіць гатовую прадукцыю. Частку прадукцыі і птушак раздалі мясцовым жыхарам.

«Але бальшыня птушак загінула празь немагчымасьць іх карміуь. Гібель такой колькасьці птушак без магчымасьці ўтылізацыі — гэта надзвычайная падзея, фактычна экалягічнае бедзтва. Гэтае пытаньне стала настолькі крытычным, што асобна абмяркоўвалася на пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН», — паведамілі ў кампаніі.

У выніку фінансавыя страты аграхолдынгу дасягнулі 12 мільярдаў грыўняў, або 330 мільёнаў даляраў. З 11 птушкафабрык засталося толькі пяць.

«Фактычнае зьнішчэньне ключавой для галіны вытворчасьці выклікала дэфіцыт курыных яек ва Ўкраіне. Прапанова на рынку істотна скарацілася, а цэны вырасьлі», — дадалі ў аграхолдынгу.

Цяпер Херсонская абласная пракуратура расьсьледуе крымінальную справу аб масавым зьнішчэньні аб’ектаў жывёльнага сьвету, што можа выклікаць экалягічную катастрофу (артыкул 441 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — экацыд) у выніку ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны і канцэнтраванага абстрэлу пасёлку Чарнабаеўка.

Хто валодае зьнішчанай птушкафабрыкай

Уласьнік аграхолдынгу — украінскі мільярдэр Алег Бахмацюк. Ён з 2020 году дыстанцыйна кіраваў кампаніяй з Аўстрыі. Ва Ўкраіне яго завочна арыштавалі, супраць яго расьсьледуюць дзьве крымінальныя справы, зьвязаныя зь нямэтавым выкарыстаньнем стабілізацыйнага крэдыту і вяртаньня падатку на даданую вартасьць.

У адным з інтэрвію ўкраінскім СМІ Алег Бахмацюк заяўляў аб намеры праз суд дабівацца ад Расеі кампэнсацыі стратаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG